Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогераў зь Берасьця Пятрухіна і Кабанава асудзілі на тры гады зьняволеньня


Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін падчас суду 11 лютага

Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Пятрухін асуджаны яшчэ за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).

Судзьдзя Вольга Краўчанка пакарала іх трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Падсудныя мусяць выплаціць кожны па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле сьледзтва, зьняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

Прысуд пакуль не набыў моцы і можа быць абскарджаны цягам 10 дзён.

Праваабаронцы прызналі блогераў палітзьняволенымі.

Што казалі Пятрухін і Кабанаў

Віны ў інкрымінаваных злачынствах Пятрухін і Кабанаў не прызналі. Патлумачыць сваю пазыцыю на судзе ім не ўдалося, бо 11 лютага іх выдалілі зь першага судовага пасяджэньня за парушэньне парадку яго правядзеньня.

Хадайніцтвы падсудных аб вяртаньні на працэс пакідаліся без задавальненьня. Не выступалі яны і з апошнім словам. Цягам двух месяцаў разгляду справы на суд блогераў не прывозілі.

Што казала абвінавачаньне

Паводле прадстаўніцы дзяржаўнага абвінавачаньня Тацяны Амосавай, падсудныя ў змове зь Сяргеем Ціханоўскім ды Мікалаем Статкевічам ажыцьцяўлялі «ўзгодненую і мэтанакіраваную дзейнасьць у стварэньні напярэдадні выбараў 2020 году грамадзка-палітычнай напружанасьці», рэалізоўвалі пляны арганізацыі пратэставага руху пад выглядам пікетаў, зьбіраньня подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты.

З словаў пракурора, наступствы іхнай дзейнасьці адчуваліся, нават калі іх затрымалі.

У матэрыялах справы згадваліся таксама палітык Павал Севярынец і блогер Ігар Лосік.

Сваіх паказаньняў суду фігуранты справы не давалі.

Тацяна Амосава прасіла суд пакараць Пятрухіна і Кабанава трыма гадамі калёніі агульнага рэжыму, а таксама задаволіць у поўным аб’ёме пазоўныя патрабаваньні міліцыянта Аўташэнкі. Ён ацаніў свае маральныя пакуты ў 3000 рублёў.

Што казалі адвакаты падсудных

Паводле адвакатак падсудных Галіны Азолінай і Ірыны Тачкар, віна іх падабаронных не даказаная і трымаецца на меркаваньнях. Высновы сьледзтва, даводзілі яны, выклікаюць больш пытаньняў, чым адказаў. На іхны погляд, абвінавачаньне не прывяло доказаў віны, якія немагчыма было абвергнуць.

Паводле адвакатак, Пятрухін і Кабанаў дзейнічалі ў межах правоў, гарантаваных канстытуцыяй. У відэароліках на YouTube-канале «Народный репортёр» яны выказвалі сваё бачаньне сытуацыі ў краіне.

Адвакаткі казалі, што сьледзтва прыцягнула ў справу Ціханоўскага і Статкевіча, каб паказаць сур’ёзнасьць злачынных намераў падсудных, але не абгрунтавала іхнае ўзаемадзеяньне.

Тачкар, абаронца інтарэсаў Пятрухіна, заклікала суд «прыняць апраўдана сьмелае і законнае рашэньне з вынясеньнем апраўдальнага прысуду». Яе падтрымала і адвакатка Галіна Азоліна, якая бараніла Кабанава.

Хто такі Аляксандар Кабанаў

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў
  • Аляксандру Кабанаву 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Віцебскай вобласьці, жыў у Баранавічах, Маскве, Бярозе. Адукацыя — інжынэр-будаўнік.
  • У 1990-х у Баранавічах заснаваў трыкатажны бізнэс, які хутка «задушылі». У Расеі кіраваў фірмай, якая ўзводзіла буйныя катэджы.
  • У 2008 годзе вярнуўся у Беларусь, будаваў прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю ў Белавескай пушчы, інвэстарам будоўлі якой быў «Трайпл». Працаваў таксама дзіцячым трэнэрам у адзінаборствах і займаўся фэрмэрствам.
  • У 2011 годзе Кабанаў стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, удзельнічаў у некалькіх выбарчых кампаніях.
  • У 2017 годзе арганізоўваў «Маршы недармаедаў» у Берасьці, змагаўся за адмену дэкрэту № 3. Яго затрымлівалі, саджалі на суткі, штрафавалі, зрабілі невыязным. Аляксандар Кабанаў заняўся блогерствам і далучыўся да праекту берасьцейца Сяргея Пятрухіна — youtube-каналу «Народны рэпарцёр». Яны сталі ў першых шэрагах кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, супраць белаазёрскага заводу «БІТ-сплаў», які перапрацоўвае старыя акумулятары.
  • Калі 29 траўня 2020 года ў Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоны штаб ачоліла жонка Сьвятлана, Аляксандар Кабанаў пагадзіўся стаць прэс-сакратаром штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
  • Праз 2 тыдні яго затрымалі. «Толькі не зьдзіўляйцеся нашай справе, у якой няма ніводнага доказу. Адныя меркаваньні і фантазіі. Ну ўсё як заўсёды, беларускае „правасудзьдзе“ яно такое, своеасаблівае. Як і сьледзтва», — напісаў Аляксандар Кабанаў у лісьце ад 28 сьнежня 2020 году.
  • Меркавалася, што Кабанава і Пятрухіна будуць судзіць у Берасьці, аднак суд чамусьці раптоўна перанесьлі ў Магілёў.

Хто такі Сяргей Пятрухін

Сяргей Пятрухін
Сяргей Пятрухін
  • Сяргею Пятрухіну 49 год. Ён нарадзіўся ў Кобрыні. Скончыў Горадзенскую вучэльню мастацтваў і філфак Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
  • Працаваў акторам у сельскім клюбе, Берасьцейскім акадэмічным тэатры драмы, на дзяржаўным радыё, займаўся рэклямай, а таксама зарабляў як маршалак на карпаратывах і вясельлях.
  • У 2014 годзе Сяргей Пятрухін зьняў паўгадзінны ролік пра сваё змаганьне з ЖЭСам № 4 у Берасьці, які стаў вельмі папулярным у горадзе. Ягоны канал «Народны рэпарцёр» на YouTube праглядзелі больш за 900 тысяч чалавек.
  • У 2016 годзе балятаваўся на выбарах у Палату прадстаўнікоў. У блогера шмат разоў праводзілі ператрусы, забіралі тэхніку, выклікалі ў міліцыю. Разам з Аляксандрам Кабанавым далучыўся да кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці.
  • За 2018 год Пятрухіна некалькі разоў арыштоўвалі, ён адбыў за кратамі 23 дні, атрымаў штрафаў больш як на 3,5 тысячы эўраў.
  • У 2019 годзе Сьледчы камітэт завёў на Сяргея Пятрухіна новую крымінальную справу — за паклёп на ўчастковага міліцыянта. Блогер віны не прызнаў і грамадзкай дзейнасьці не спыніў.
  • 16 чэрвеня 2020 Пятрухіна схапілі ў вёсцы Востраў пад Пухавічамі. Затрымліваць блогера прыехалі на 9 аўтамабілях, было больш за 20 праваахоўнікаў.
  • Падчас працэсу Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камэры магілёўскага ізалятару. За гэта яго адправілі ў карцар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG