Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біятляністка Сола ўпершыню патлумачыла, чаму не падпісала праўладны ліст спартоўцаў


Ганна Сола (справа) перадае эстафэту на этапе Кубку сьвету ў Обэрхофе. 16 студзеня 2021

Ганна Сола, якая адзіная зь дзейных беларускіх біятляністаў не падпісала праўладны ліст спартоўцаў, упершыню патлумачыла сваё рашэньне.

Біятляністка Ганна Сола пракамэнтавала Tut.by сваё рашэньне не падпісваць праўладны ліст.

«Мне ёсьць за што сказаць „дзякуй“ краіне, але ў першую чаргу хацелася б, каб спорт заставаўся па-за палітыкай. Цяжка канцэнтравацца на спартовых выніках, калі чытаеш сумныя навіны зь Беларусі. Таму мая пазыцыя нават не палітычная, а агульначалавечая: за мір, выкананьне законаў і рашэньне любых пытаньняў без ужываньня гвалту».

Спартоўка прызналася, што атрымала вельмі шмат паведамленьняў падтрымкі ад беларусаў і да гэтага часу яшчэ не пасьпела адказаць на ўсе.

Ганна Сола сёлета стала першай біятляністкай Беларусі, акрамя Дар’і Домрачавай, якая прынесла краіне асабісты мэдаль чэмпіянату сьвету за апошнія 15 гадоў. У агульным заліку Кубку сьвету Сола заняла 23-е месца, што значна вышэй за яе паказьнік мінулага сэзону. Бронза чэмпіянату сьвету — пакуль найвышэйшае дасягненьне ў кар’еры біятляністкі.

Сола спадзяецца выплаціць крэдыт на 1-пакаёвую кватэру, хаця раней ёй не заўсёды хапала зарплаты на штомесячныя выплаты. Яна жыве ў менскім мікрараёне Новая Баравая разам са сваім хлопцам, велагоншчыкам Станіславам Бажковым.

«Праўладны» ліст спартоўцаў зьявіўся як адказ уладаў на ўтварэньне Беларускага фонду спартовай салідарнасьці і ліста за справядлівыя выбары, які пачалі актыўна падпісваць беларускія атлеты. Адной з падпісантак ліста з падтрымкай Лукашэнкі і сілавікоў стала партнэрка Ганны Солы па зборнай Беларусі Дынара Алімбекава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG