Пажар пачаўся ў панядзелак у раёне 12 гадзінаў дня, яму прысвоілі пяты — найвышэйшы — узровень складанасьці. А восьмай гадзіне вечара агонь так і не змаглі пагасіць. Агенцтва «Інтэрфакс» паведамляе, што ён перакінуўся на суседні будынак, у якім знаходзіцца гостэл. Яго пастаяльцаў эвакуавалі.
Ліквідацыяй пажару займаюцца больш за 220 ратавальнікаў. Адзін зь іх загінуў, паводле папярэдніх дадзеных — пры абрушэньні даху, яшчэ двое шпіталізаваныя. СМІ паведамляюць аб другім загінулым пажарным, але афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьверджаная. Агульная плошча пажару складае звыш 10 тысяч квадратных мэтраў.
Сьледчы камітэт па Санкт-Пецярбургу ўжо распачаў крымінальныя справы пра нядбайнасьць і прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці.
Будынак Неўскай мануфактуры быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя. Да рэвалюцыі 1917 году ў ім знаходзілася «таварыства ваўняных вырабаў» ангельскага купца Джэймса Нортана. У савецкі час пасьля нацыяналізацыі фабрыка атрымала назву «Камбінат тонкіх і тэхнічных сукнаў імя Тэльмана», а пасьля распаду СССР і акцыянаваньня — ААТ «Неўская мануфактура». У апошнія гады памяшканьні фабрыкі здаваліся пад офісы і склады. У адным зь іх, паводле папярэдніх зьвестак, і пачаўся пажар.
Будынак, які згарэў, быў прызнаны ўладамі Пецярбургу аб’ектам гістарычнай спадчыны.