Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер просіць удвая павялічыць фінансаваньне будаўніцтва менскага мэтро


«Зялёналуская» — адна з новых станцый менскага мэтро

Бюджэт на далейшае будаўніцтва станцый Анатоль Сівак бачыць ня меншым за 130 млн рублёў.

Фінансаваньне будаўніцтва сталічнага мэтрапалітэну ў 2021 годзе трэба павялічыць у два разы, заявіў намесьнік прэм’ер-міністра, былы старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак на тэлеканале «Беларусь-1», піша БелаПАН.

Сівак мае зьвесткі, што бюджэт на далейшую будоўлю мэтро ў 2021 годзе складае 68 млн рублёў, але гэтага, на яго думку, недастаткова.

Чыноўнік прапанаваў улічыць тэмпы будаўніцтва жыльля побач са станцыямі, дзе неабходна скончыць інфраструктуру, а таксама тое, што эфэктыўнасьць эксплюатацыі адрэзку лініі сёньня ніжэйшая, чым калі яна запрацуе ўся.

Сівак лічыць, што бюджэт трэба павялічыць удвая, таму прапануе выдзеліць на будаўніцтва мэтрапалітэну як мінімум 130-140 млн рублёў.

«Так, можа быць карэктаваньне бюджэту ў нейкіх пэрыядах, па паўгодзьдзі. Але ў асноўным гэта крэдытныя рэсурсы. Крэдытныя рэсурсы ёсьць, толькі пытаньне цаны гэтых рэсурсаў. У гэтым выпадку гаворка ідзе ў першую чаргу пра крэдыты ў беларускіх рублях».

7 лістапада 2020 году ў менскім мэтрапалітэне адкрылі першыя чатыры з 14 станцый трэцяй лініі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG