Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Тацяну Гацуру-Яворскую перавялі ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага


Тацяна Гацура-Яворская, архіўнае фота

Па якім крымінальным артыкуле яе падазраюць, пакуль застаецца невядомым.

Пра тое, што 9 красавіка праваабаронцу Тацяну Гацуру-Яворскую перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, Свабодзе паведаміў яе муж Уладзімер.

Заснавальніцу грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» і адну з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Тацяну Гацуру-Яворскую затрымалі 6 красавіка. Напярэдадні супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў правялі ператрусы ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы Тацяны.

Сьледчыя дзеяньні праводзіліся ў межах справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу — фінансаваньне або матэрыяльнае забесьпячэньне беспарадкаў. За дзень да затрыманьня Тацяны Гацуры-Яворскай сілавікі правялі ператрусы яшчэ ў дзьвюх арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» — Натальлі Трэнінай і Юліі Сяменчанкі.

8 красавіка ўсіх затрыманых актывістак «Зьвяна» (агулам было затрымана пяць чалавек. — РС) судзілі па адміністратыўных артыкулах за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Тацяна Гацура-Яворская атрымала штраф памерам 50 базавых велічынь, аднак на волю так і ня выйшла. Позна ўвечары супрацоўнікі ІЧУ на завулку Акрэсьціна паведамілі, што яна праходзіць па крымінальнай справе. Статус Тацяны Гацуры-Яворскай застаецца невядомым.

Тацяна Гацура-Яворская — маці чатырох дзяцей. Яна арганізатарка вялікай колькасьць культурных ініцыятываў, у тым ліку WATCH DOCS Belarus — міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека, які праводзіцца з 2015 году.

Заснаванае ёю аб’яднаньне «Зьвяно» выступіла ініцыятарам выставы «Машына дыхае, а я — не», прысьвечанай адданай працы мэдыкаў, якія змагаюцца з каранавірусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG