Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская афіцыйна арыштаваная ў крымінальнай справе


Тацяна Гацура-Яворская

Пра гэта Свабодзе паведаміў муж Тацяны Ўладзімер Яворскі. У чацьвер 8 красавіка над усімі затрыманымі актывісткамі «Зьвяна» прайшлі адміністрацыйныя працэсы.

Заснавальніцу грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» і адну з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Тацяну Гацуру-Яворскую затрымалі 6 красавіка. Напярэдадні супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў правялі ператрусы ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы Тацяны. Сьледчыя дзеяньні праводзіліся ў межах справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу — фінансаваньне або матэрыяльнае забесьпячэньне беспарадкаў.

За дзень да затрыманьня Тацяны Гацуры-Яворскай сілавікі правялі ператрусы яшчэ ў дзьвюх арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» — Натальлі Трэнінай і Юліі Сяменчанкі. Абедзьве яны цяпер таксама за кратамі.

Як стала вядома Свабодзе, у чацьвер 8 красавіка над затрыманымі актывісткамі прайшлі адміністрацыйныя суды. Трое зь іх атрымалі штрафы, у тым ліку Тацяна Гацура-Яворская. Акрамя штрафу, Тацяне таксама выставілі абвінавачваньне паводле крымінальнага артыкулу.

«Сёньня ўсіх затрыманых актывістак „Зьвяна“ судзілі ў адміністрацыйных справах, у тым ліку Тацяну, — расказаў Свабодзе муж Тацяны Гацуры-Яворскай Уладзімер. — Тацяне далі штраф, 50 базавых, і маглі сёньня выпусьціць. Мы чакалі ля ІЧУ. У выніку адвакат сказала, што ў Тацяны іншы статус, яна затрыманая ў крымінальнай справе. Што гэта за справа, канкрэтна мы пакуль ня ведаем. Ахова ІЧУ не паведамляла дэталяў. Агулам сёньня судзілі пяць затрыманых. Аднаго чалавека адпусьцілі са штрафам, яшчэ траім далі па сем сутак, яны будуць пад вартай да панядзелка. Усіх прызналі вінаватымі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам праваахоўным органам».

Арганізацыя «Зьвяно» рыхтуе афіцыйную заяву аб арыштах актывістак.


Тацяна Гацура-Яворская — маці чацьвярых дзяцей. Яна арганізатарка вялікай колькасьць культурных ініцыятываў, у тым ліку WATCH DOCS Belarus — міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека, які праводзіцца з 2015 году.

Заснаванае ёю аб’яднаньне «Зьвяно» выступіла ініцыятарам выставы «Машына дыхае, а я — не», прысьвечанай адданай працы мэдыкаў, якія змагаюцца з каранавірусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG