Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеры Пятрухін і Кабанаў чакаюць прысуду 14 красавіка. Пракурор запатрабаваў па 3 гады калёніі кожнаму


Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін у судзе. Магілёў, 12 лютага.

Вынясеньне прысуду берасьцейскім блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву адклалі на наступны тыдзень. Раней пракурор запрасіў па 3 гады калёніі для кожнага.

На працэсе супраць берасьцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава 9 красавіка завяршыліся спрэчкі бакоў. Пракурор настойвае, што іх віна даказаная, і просіць вынесьці прысуд па 3 гады зьняволеньня кожнаму ў калёніі агульнага рэжыму. Адвакаты настойваюць на невінаватасьці падабаронных і іхным апраўданьні.

Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК). Пятрухіна таксама абвінавацілі ў абразе судзьдзі (артыкул 391 КК).

Вырак чакаецца 14 красавіка. Блогераў на першым дні працэсу пазбавілі права апошняга слова. Іх інтарэсы цяпер прадстаўляюць адвакаты.

Абвінавачаныя з апошнім словам ня выступяць

Самі абвінавачаныя сваёй пазыцыі выказаць не змаглі, бо на першым судовым пасяджэньні 11 лютага іх выдалілі за парушэньне парадку яго правядзеньня. У далейшым іхныя хадайніцтвы аб вяртаньні ў працэс не задавальняліся. Падсудныя ня змогуць выступіць таксама і з апошнім словам.

Крымінальную справу супраць Пятрухіна і Кабанава, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, разглядаюць у Кастрычніцкім судзе Магілёва. Старшынюе на працэсе судзьдзя Вольга Краўчанка. Блогеры пад вартай з 25 чэрвеня.

Абодвух абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама зьнявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў. Паводле сьледзтва, яны абразілі ў сацыяльных сетках супрацоўніка магілёўскага АМАПу Віталя Аўтушэнку. Міліцыянт дамагаецца выплаты ад падсудных па 1500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Акрамя таго, Пятрухіна вінавацяць у абразе судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі.

Пракурорка: Падсудныя спрычыніліся да стварэньня пратэставага руху

Прадстаўніца магілёўскай пракуратуры Тацяна Амосава заявіла, што віна падсудных даказаная. Акрамя трох гадоў калёніі зьняволеньня, яна прасіла суд задаволіць у поўным аб’ёме заяўленыя пазоўныя патрабаваньні пацярпелага міліцыянта Аўтушэнкі.

Паводле яе, Пятрухін і Кабанаў у змове зь Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам ажыцьцяўлялі «узгодненую і мэтанакіраваную дзейнасьць у стварэньні напярэдадні выбараў 2020 году грамадзка-палітычнай напружанасьці», рэалізоўвалі пляны арганізацыі пратэставага руху пад выглядам пікетаў, зьбіраньня подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Абвінавачаныя атрымлівалі ад Ціханоўскага грошы. У матэрыялах справы згадваюцца 100 рублёў, якія той перадаў блогерам, калі сам рабіў пра іх відэаролік.

Па словах Тацяны Амосавай, да знаёмства зь Ціханоўскім і Статкевічам абвінавачаныя ў сваіх роліках на на youtube-канале «Народный репортёр» крытыкавалі «пераважна дзеяньні мясцовых уладаў Берасьцейскага рэгіёну», а пасьля «аб’ектам беспадстаўных абвінавачваньняў злачыннасьці дзеяньняў сталі вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы, у тым ліку і кіраўнік дзяржавы». Як вынікала з выступу пракурора, падсудныя спрычыніліся да стварэньня пратэставага руху, а іхныя дзеяньня адбіваліся на сытуацыі, нават калі яны былі затрыманыя.

Адвакаты: прыміце законнае рашэньне з вынясеньнем апраўдальнага прысуду

Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Статкевіч судом не былі дапытаныя. Галіна Азоліна, адвакатка Сяргея Кабанава, адзначыла, што суд ня высьветліў, у якім прававым статусе знаходзяцца цяпер Ціханоўскі і Статкевіч, ці выстаўленыя ім аналягічныя, як яе падабароннаму, абвінавачаньні і ці ўзгодненыя яны.

Яна заявіла, што доказы віны Кабанава трымаюцца на меркаваньнях. Акрамя таго, на погляд адвакаткі, яго спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за тое, за што ён быў раней пакараны 30 суткамі адміністрацыйнага арышту. А гэта недапушчальна паводле заканадаўства, настойвала Галіна Азоліна. Яна прасіла суд вынесьці апраўдальны прысуд Кабанаву.

Паводле Ірыны Тачкар, адваката Пятрухіна, яе падабаронны зьяўляўся актыўным грамадзянінам, накіраваным на барацьбу зь несправядлівасьцю. У яго, даводзіла яна, быў адзіны заклік: каб суграмадзяне зрабілі свой выбар і паклапаціліся пра будучыню краіны. Ён карыстаўся дадзеным Канстытуцыяй правам на свабоду думак, настойвала адвакатка.

Яна, як і ейная калега Азоліна, настойвала, што сьледзтва не прадставіла доказаў віны Пятрухіна, на падставе якіх мае быць вынесены яму абвінаваўчы прысуд. Адвакатка заклікала суд «прыняць апраўдана сьмелае і законнае рашэньне з вынясеньнем апраўдальнага прысуду».

Прысуд блогерам Пятрухіну і Кабанаву судзьдзя Вольга Краўчанка вынесе 14 красавіка. Абвінавачаных на яго агучваньні ня будзе. Сяргей Пятрухін на папярэднім сьледзтве паказаньні адмовіўся даваць, адзначыўшы, што агучыць сваю пазыцыю на судзе. Такой магчымасьці ў яго не зьявілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG