У сацыяльных сетках канцэртнай пляцоўкі Prime Hall зьявілася інфармацыя пра перанос выступу «Касты». Новую дату абяцаюць назваць пазьней. Раней набытыя квіткі будуць актуальныя.
Інфармацыю парталу Tut.by пацьвердзілі і арганізатары — агенцтва Cube-A Sound. Назваць прычыны пераносу яны не гатовыя, але абяцаюць сказаць бліжэйшым часам.
Шэраг праўладных Telegram-каналаў некалькі дзён таму пісалі, што канцэрту ня будзе. Аўтары папракалі гурт, што ў сваім кліпе «Выходи гулять» музыкі «нядвухсэнсоўна заклікалі на несанкцыянаваныя акцыі і паказалі ў абсалютна нэгатыўным сьвятле сілавікоў, якія насамрэч займаюцца навядзеньнем парадку».
«Паводле законаў Беларусі, масавыя мерапрыемствы, у тым ліку клюбныя канцэрты, маюць на ўвазе ажыцьцяўленьне аховы і заключэньне дамовы з МУС. Такое пагадненьне з арганізатарамі канцэртаў „Касты“ на тэрыторыі краіны падпісанае ня будзе», — тлумачыў немагчымасьць выступу канал праўладнай «Белай Русі».
Сярод іншага рэпэрам прапанавалі публічна пакаяцца на «Славянскім базары» ў Віцебску.
Летась удзельнікі гурту ня толькі падтрымалі пратэстоўцаў, а нават пагадзіліся на бясплатную онлайн-трансьляцыю свайго канцэрту на дваровай сустрэчы ў жылым комплексе «Менск Сьвет», дзе пажадалі беларусам новага прэзыдэнта.
Сьледам артысты выпусцілі кліп «Выходи гулять» з адсылкамі да падзеяў у Беларусі. Ужо тады выканаўца Міхаіл Епіфанаў адзначаў, што справай прынцыпу было выказацца, нягледзячы на пагрозу адмены красавіцкага канцэрту.
Той кліп за чатыры месяцы паглядзелі больш за 8 мільёнаў разоў.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў