Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ужо небясьпечна набыць нейкую кнігу​​​​​​​». Журналіста аштрафавалі за ўвоз кнігі з-за мяжы


Раман Васюковіч

Суд аштрафаваў карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча на 20 базавых за ўвоз двух асобнікаў кнігі «Беларускі Данбас». На журналіста склалі пратакол па ч. 1 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд або перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці).

У інтэрвію Свабодзе Раман Васюковіч сказаў, што сёньня суд прызнаў яго вінаватым нібыта ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў — двух асобнікаў кнігі «Беларускі Данбас», і прысудзіў максымальны штраф у 580 рублёў.

«З рашэньнем суду цалкам ня згодны, бо ў мяне не было намеру распаўсюду. На той момант кнігі нідзе не былі забароненыя — ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне. Адна кніга павінна была застацца ў мяне, а другая прызначалася аднаму з аўтараў Ігару Ільяшу, у якога я хацеў атрымаць аўтограф, — сказаў Раман Васюковіч. — Рашэньне суду будзем абскарджваць у гарадзкім судзе, бо там шмат парушэньняў, ніводнае маё слова не было пачута. Былі толькі два асобнікі кнігі, якія я набыў у краме ў Кіеве, і я іх не хаваў. Саму справу гэтую пачалі толькі праз 2 месяцы, і тут шмат пытаньняў».

«Пастанову вярнулі назад для дадатковай праверкі»

Напярэдадні ў кватэры Рамана Васюковіча зрабілі ператрус.

«Прыкладна ў 15 гадзін мне пазванілі ў кватэру, а я працаваў з дому, двое супрацоўнікаў менскай міліцыі на паветраным транспарце. Я пазнаў іх, бо яшчэ ў лютым быў выкліканы па позьве і даваў тлумачэньні аднаму зь іх. Я патлумачыў, што ў лютым ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па ч.1 артыкула 130 адносна мяне было адмоўлена з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Пра гэта гаворыцца ў міліцэйскай пастанове. Але, як я ўчора даведаўся, гэтую пастанову, атрымліваецца, вярнулі назад для дадатковай праверкі. У мяне дома шукалі матэрыялы экстрэмісцкага кшталту ці забароненую сымболіку. То бок тое, што адпавядае гэтаму крымінальнаму артыкулу. Па 130-м артыкуле цяпер затрыманы журналіст з Горадні Андрэй Пачобут, — сказаў журналіст. — Нічога забароненага ці злачыннага ў кватэры ў мяне не знайшлі і нічога не вымалі. На сёньня па крымінальнай справе адбыўся толькі вобшук, яны павінны вырашыць, пачынаць яе ці не. Бо ў лютым яе пачынаць адмовіліся, і ўсё перайшло ў адміністрацыйны працэс, які сёньня скончыўся штрафам».

«Журналісту ўжо небясьпечна набыць нейкую кнігу і прывезьці яе ў краіну»

Паводле Рамана Васюковіча, на пасяджэньні суду 26 сакавіка, калі кнігу прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі, супрацоўнік міліцыі расказаў пра адмысловыя сьпісы журналістаў.

«Тады прагучала дзіўная рэч ад аднаго з супрацоўнікаў міліцыі. Яго запыталі, чаму менавіта Васюковіча затрымалі па прылёце? Ён сказаў, што ёсьць нейкія сьпісы, у якія, як я разумею, уключаны нядобранадзейныя журналісты, праваабаронцы ці нехта яшчэ, — сказаў Раман Васюковіч. — Бо я спачатку паказаў у менскім аэрапорце пашпарт, а потым пачаўся надгляд. То бок ёсьць нейкія сьпісы асобаў, сярод якіх журналісты, асабліва замежных СМІ».

Атрымліваецца, што журналісту ўжо небясьпечна набыць нейкую кнігу і прывезьці яе ў краіну.

«Ужо нічога ня дзівіць. Адзінае, што можа супакойваць, — што можна абысьціся штрафам, бо магло быць і горш. Тое, што немагчыма набыць кнігі, гэта парадокс, параноя нейкая. Што далей, калі ў нас нельга набыць кнігу, яе абавязкова забяруць на мяжы, хоць яна не была ў забароненых сьпісах. Мне гэта дзіўна, і я гэта зьвязваю выключна з тым, што як журналіст знаходжуся ў нейкім сьпісе, пра які даведаўся два тыдні таму».

Суд над Раманам Васюковічам у справе кнігі «Беларускі Данбас»
Суд над Раманам Васюковічам у справе кнігі «Беларускі Данбас»

«Кнігу я набыў ня дзесьці з-пад крыса»

Раман Васюковіч кажа, што не пасьпеў прачытаць кнігу «Беларускі Данбас», якую вёз з камандзіроўкі з Кіева ў Менск.

«З Кіева ляцець паўтары гадзіны, і я гэтыя кнігі нават не разгортваў, не даставаў з сумкі. Я ведаю, што гэта нейкае журналісцкае расьсьледаваньне нашых калегаў — Кацярыны Андрэевай, якая цяпер адбывае абсурдны тэрмін, і Ігара Ільяша. Фізычна асобніка кнігі ў іх не было, і я палічыў, што гэта будзе добрым падарункам калегам перад Новым годам, бо фізычна яны ня бачылі сваёй працы. Кнігу я набыў ня дзесьці з-пад крыса, а ў звычайнай кіеўскай краме. Цяпер яе прызналі экстрэмісцкай, і на гэта спатрэбілася столькі часу. Калі судзілі кнігу, усе нашыя хадайніцтвы былі адхіленыя, таму засталося шмат пытаньняў. Будзем абскарджваць, усе юрыдычныя працэдуры выканаем, хоць не выпадае на нешта разьлічваць».

Раман Васюковіч кажа, што, як і ўсе незалежныя журналісты, вымушаны працаваць у «роўных, небясьпечных, складаных умовах».

«Відаць, я зрабіў такі добры „падарунак“ беларускім сілавікам, каб мяне пацягаць па судах, прызнаць гэтую кнігу экстрэмісцкай, бо на той момант яна такой нідзе не была прызнаная».

Раману Васюковічу 30 гадоў, ён з Наваполацку, працаваў у газэце «Народная воля», на «Эўрарадыё», а з пачатку сакавіка мінулага году працуе на тэлеканале «Настоящее время».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG