Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У няволі зразумеў, што я не самотны змагар». Былы спэцназавец ня можа знайсьці працу ў райцэнтры праз грамадзянскую пазыцыю


Яўген Пацкевіч падчас службы ў спэцназе ўнутраных войскаў

33-гадовы жыхар Асіповічаў Яўген Пацкевіч апавядае, як зьмянілася ягонае жыцьцё пасьля тэрміновай службы ў міліцэйскім спэцназе.

Больш за два месяцы ён беспрацоўны. Пасьля актыўнага ўдзелу ў пратэставых акцыях восені 2020 году яго звольнілі з Асіповіцкай ЖКГ. Цяпер Яўген увесь час наведвае арганізацыі, у якіх зьяўляюцца вакансіі, але браць яго пабойваюцца — асьцерагаюцца «палітычнага мінулага». Аднойчы спаслаліся на тое, што ён не адпавядае «маральным якасьцям».

Пра Яўгена Пацкевіча. Сьцісла

  • Жанаты. Зь сям’ёй жыве ў Асіповічах.
  • Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю, вывучыўся на тэхніка-мэханіка ліцейнай вытворчасьці.
  • У 2010–12 гадах служыў у спэцназе Міністэрства ўнутраных спраў.
  • Пасьля дэмабілізацыі штогод асвойваў новую спэцыяльнасьць. Мае навыкі дзясятка прафэсіяў.
  • У Асіповіцкім ЖКГ рабіў сталяром-станочнікам. У лютым 2021 году яго звольнілі па сканчэньні працоўнага кантракту. Пра намер спыніць працоўныя адносіны папярэдзілі за тры месяцы.

«У міліцыю не пайшоў, бо выхаваны інакш»

Яўген Пацкевіч кажа, што «палітыкай цікавіўся заўжды, але не актыўнічаў». У 2006 годзе галасаваў за Аляксандра Мілінкевіча. Прыгадвае, як старшаклясьнікаў адміністрацыя гімназіі папярэджвала, каб ня езьдзілі ў Менск, дзе тады моладзь разгарнула намётавае мястэчка.

Выбары прэзыдэнта-2010 засьпелі Яўгена ў міліцэйскім спэцназе. Да службы ў ім хлопец рыхтаваўся і нават настойваў, каб яго туды забралі.

Падчас службы ў спэцназе ўнутраных войскаў
Падчас службы ў спэцназе ўнутраных войскаў

Па тым, як адбывалася галасаваньне ў вайсковай частцы, згадвае ён, «любы ўдумлівы чалавек мог зрабіць выснову, ці свабодныя ў Беларусі выбары і наколькі рэальнай была ўсенародная падтрымка галоўнага прэтэндэнта». У асноўны дзень выбараў 19 сьнежня Яўген са сваім падразьдзяленьнем ахоўваў адну з рэзыдэнцыяў. З войска дэмабілізаваўся старшым сяржантам.

Яўген кажа, што думаў пра вайсковую кар’еру і хацеў быць карысным грамадзтву, але рэаліі службы ва ўнутраных войсках не адпавядалі ягоным поглядам, таму на кантракт не застаўся. На «гражданцы» таксама прапаноўвалі ісьці ў органы, але ён адмовіўся.

«Ва ўнутраных войсках ідэйных людзей няшмат, — тлумачыць Яўген. — Гэты сацыяльны інструмэнт не выконвае функцыяў, ускладзеных на яго грамадзтвам, і патрабуе рэфармаваньня. У міліцыю ж не пайшоў, бо, відаць, выхаваны інакш...»

Пасьля спэцназу Пацкевіч паступіў у Інстытут правазнаўства, але зашмат задаваў пытаньняў выкладчыкам, што прыводзіла часам да канфліктаў. Кажа, што пераканаўся — вывучыцца на юрыста яму не дадуць, і сышоў.

«Дзіўны таварыш...»

У 2020 годзе палітычная сытуацыя ў краіне кардынальна зьмянілася, працягвае Яўген. Эканамічны крызіс, якому ўлада ня можа даць рады дагэтуль, ды ігнараваньне праблемаў з каранавірусам прывялі да таго, што людзі перасталі спадзявацца на падтрымку дзяржавы. Стрымы Сяргея Ціханоўскага паказалі, што зь цяжкасьцямі сутыкаюцца «ў кожным паселішчы і сыстэма сама сябе зьядае».

«На момант выбараў, — згадвае ён, — я разумеў, што сярод маіх знаёмцаў многія за перамены, але было няшмат сьмельчакоў, гатовых бараніць свой голас, дамагацца сумленных і адкрытых выбараў».

Яўген Пацкевіч вучыцца будаваць дамы паводле нямецкай тэхналёгіі фахвэрк
Яўген Пацкевіч вучыцца будаваць дамы паводле нямецкай тэхналёгіі фахвэрк

За тое, што шукаў паплечнікаў, Яўгена сталі называць «дзіўным таварышам». Ён тады абураўся, як абыякава ставяцца землякі да важных рэчаў, якія вызначаюць будучыню. Пазьней зразумеў, што гэтая бязьдзейнасьць трымаецца на браку палітычнай асьветы.

Актывіст кажа: 9 жніўня нямногія знаёмцы наважыліся надзець белы бранзалет ці скласьці пры галасаваньні бюлетэнь гармонікам.

«Мы жартавалі: раптам адчыняцца дзьверы, на парозе зьявяцца людзі з усьмешкамі і скажуць „выходзьце“»

Яўген лічыць, што Беларусь апынулася ва ўласнасьці аднаго чалавека, які ня спыніцца ні перад чым, каб застацца ва ўладзе.

«Немагчыма назваць выбарамі тое дзейства, якое адбылося ў 2020 годзе», — кажа ён. На ягоны погляд, Выбарчы кодэкс напісаны пад канкрэтнага палітыка, закон трактуецца, як яму выгадна, а небясьпечных канкурэнтаў здымаюць з выбараў на надуманых падставах і кідаюць за краты.

Яўген Пацкевіч на вадохрышчы
Яўген Пацкевіч на вадохрышчы

Самога Яўгена Пацкевіча затрымалі 9 жніўня. Ён доўга вызначаўся, за каго аддаць свой голас перад закрыцьцём выбарчага ўчастку. Урэшце да выбарца падышоў міліцыянт, запатрабаваў пакінуць кабінку, а затым экіпаваныя супрацоўнікі дэпартамэнту аховы вывелі яго з ужываньнем сілы.

За непадпарадкаваньне Пацкевіча асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту. На знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку, але, як ён кажа, у асіповіцкім ізалятары яму не далі паперы, каб пісьмова паведаміць пра яе.

У ізалятары Яўген дзяліў чатырохмесную камэру з 15 нявольнікамі. Запаўняць яе пачалі з 10 жніўня. Шасьцёра сукамэрнікаў былі «палітычныя». У няволю яны трапілі за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах. У вязьніцы Яўген пабачыў, што ў Асіповічах ён «не самотны змагар».

«У турэмных сутарэньнях мы былі ў інфармацыйным вакуўме. Пра тое, што адбывалася на волі, ня ведалі, але чакалі адтуль дзеяньняў, — згадвае ён. — Мы жартавалі: раптам адчыняцца дзьверы, на парозе зьявяцца людзі з усьмешкамі і скажуць: „Выходзьце“, а тым, хто ахоўваў нас, загадаюць заняць нашыя месцы».

Яўген Пацкевіч
Яўген Пацкевіч

Частка Яўгенавых сукамэрнікаў адбывала пакараньне за бытавыя правіны. У невялікай камэры людзі спалі на падлозе. Умовы ўтрыманьня ў ізалятары актывіст лічыць нялюдзкімі і дзівіцца, як гэтая ўстанова праходзіць праверкі санэпідэмстанцыі.

На працу не бяруць, бо «палітычны»

Адседзеўшы «суткі», Яўген быў шакаваны гвалтам сілавікоў і ўражаны колькасьцю людзей, якія выступілі супраць вынікаў выбараў. Тады ў яго зьявілася «вера ў хуткія перамены». Як і тысячы суайчыньнікаў, ён удзельнічаў у пратэставых акцыях, стаяў у ланцугах салідарнасьці. На праўладны мітынг прыйшоў з фатаздымкамі пабітых людзей. Пісаў скаргі ў пракуратуру і выканкам.

У разгар пратэстаў Яўген актывізаваў свой YouTube-канал, зь якога дагэтуль апавядае аб праблемах, на якія не зьвяртае ўвагі ўлада, ды аб спосабах іх вырашэньня, а таксама тлумачыць, як бараніцца ў міліцыі і судах.

У кастрычніку Яўгену паведамілі, што працоўны кантракт зь ім падаўжаць не зьбіраюцца, а ў лютым звольнілі. Ён перакананы: начальству загадалі так зрабіць. Незадоўга да спыненьня працоўных адносін, кажа Яўген, ён гутарыў з кіраўніцтвам, і тое прэтэнзіяў да выкананьня ім абавязкаў не выказвала, хоць і ведала пра ягоную актыўную апазыцыйную дзейнасьць. Суразмоўца заўважае, што яго звольнілі, не зьвярнуўшы ўвагі на тое, што ў сям’і двое малалетніх дзяцей, у тым ліку адно з інваліднасьцю.

Тлумачэньне, чаму Яўгена Пацкевіча не ўзялі на працу: «не адпавядае маральным якасьцям»
Тлумачэньне, чаму Яўгена Пацкевіча не ўзялі на працу: «не адпавядае маральным якасьцям»

Яўген спадзяваўся на палітычныя зьмены і станоўчае вырашэньне пытаньня з працаю. Разьлічваў, што ягоны досьвед у розных прафэсійных сфэрах будзе запатрабаваны, аднак цягам двух апошніх месяцаў знайсьці занятак сабе ня можа. У большасьці арганізацыяў, куды зьвяртаўся, месца «палітычнаму» не знаходзіцца.

Жонка Яўгена Пацкевіча Кацярына захапляецца фуд-фота. Муж робіць для яе здымкаў інтэр’ерную атрыбутыку з дрэва
Жонка Яўгена Пацкевіча Кацярына захапляецца фуд-фота. Муж робіць для яе здымкаў інтэр’ерную атрыбутыку з дрэва

Яўген упершыню так доўга бяз працы, і гэтым «крыху сканфужаны». Разам з тым ён лічыць, што праблемы з працаўладкаваньнем часовыя, і разглядае іх як новыя магчымасьці. Яму прапаноўвалі зьехаць зь Беларусі, але ён адмовіўся. Па словах суразмоўцы, нямала суайчыньнікаў падтрымалі ягоную сям’ю ў няпросты для яе час. На сваім прыкладзе ён убачыў, што беларусы вучацца дапамагаць адзін аднаму.

«Перамены хутка не надыходзяць...»

На думку Пацкевіча, ёсьць два варыянты разьвіцьця сытуацыі. Першы — пераўтварэньне краіны ў аналяг «Паўночнай Карэі» з татальным кантролем дзяржавы над жыцьцём грамадзян. Другі шлях, на думку Яўгена, вымагае ад беларусаў усьведамленьня таго, што паляпшэньне жыцьця залежыць ад канкрэтных дзеяньняў кожнага. Ён лічыць, што перамены хутка не надыходзяць.

Адна з работ Кацярыны Пацкевіч
Адна з работ Кацярыны Пацкевіч

Паводле яго, марна чакаць лідэра, які ўсіх выратуе, бо «многія годныя людзі, якія казалі праўду і даносілі веды, ужо за кратамі».

«Калі народ, дамагаючыся пераменаў мірным шляхам, убачыць, што гэта не дае плёну, то адбудзецца радыкалізацыя дзеяньняў, што пагоршыць сытуацыю, бо гвалт спараджае гвалт, і суняць яго няпроста», — разважае Яўген Пацкевіч.

Пра зьмены ў сваім жыцьці Яўген не шкадуе і лічыць, што многаму за прамінулыя паўгода навучыўся. Не выключае, што можа стаць ахвярай правакацыі і «трапіць за краты», таму стараецца быць абачлівым, каб жонка не засталася зь дзецьмі адна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Апошнія навіны

усе навіны за дзень >
XS
SM
MD
LG