Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі памянялі правілы налічэньня мінімальнага заробку. Што зьменіцца?


Беларускія рублі

Цяпер мінімальная зарплата не залежыць ад пражытковага мінімуму, яе прывязалі да прагнознага значэньня па краіне на наступны пэрыяд.

7 красавіка ў другім чытаньні Палата прадстаўнікоў прыняла закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы».

У новым законе скасоўваецца паняцьце «мінімальнага спажывецкага бюджэту», а мінімальную зарплату будуць лічыць па-іншаму, інфармуе БелТА.

«Усе выплаты і іншыя абавязаньні дзяржавы, вызначэньне крытэру неабходнасьці ўвязваюцца зь бюджэтам пражытковага мінімуму, які і сёньня пралічваецца ў сярэднім на душу насельніцтва, на асобныя сацыяльныя дэмаграфічныя групы насельніцтва», — сказаў намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі ў працы і сацыяльных пытаньнях Алег Семянчук.

Калі раней памер мінімальнай заработнай платы разьлічваўся ў залежнасьці ад мінімальнага спажывецкага бюджэту, то ў сувязі зь яго адменай пачне вылічвацца ў памеры, не ніжэйшым за 30% ад прагнознага значэньня намінальнай сярэдняй заработнай платы па краіне.

Па словах Семенчука, цяпер усё вызначыць «адзіны сацыяльны нарматыў» пры рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі і рэгуляваньні ўзроўню жыцьця, а таксама аказаньня насельніцтву сацыяльнай абароны. Чыноўнік лічыць, што ад сёньня закон «больш выразна вызначае адраснасьць дзяржаўнай падтрымкі і вызначэньне памеру мінімальнай заработнай платы».

Спажывецкі кошык — мінімальны набор прадуктаў харчаваньня, які ўлічвае дыеталягічныя абмежаваньні і забясьпечвае мінімальна неабходную колькасьць калёрый. Набор прадуктаў на аднаго чалавека ў месяц, якія адпавядаюць фізычным патрэбам, калярыйнасьці, утрыманьню асноўных харчовых рэчываў.

Бюджэт пражытковага мінімуму — кошт мінімальна неабходнага чалавеку набору дабротаў, жыцьцёвых сродкаў, якія дазваляюць падтрымліваць жыцьцядзейнасьць. Акрамя спажывецкага кошыка, у пражытковы мінімум уваходзяць нехарчовыя тавары і паслугі.

Мінімальны спажывецкі бюджэт — самае шырокае з трох прадстаўленых азначэньняў, адлюстроўвае выдаткі на набыцьцё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальненьня асноўных фізіялягічных і сацыяльных запатрабаваньняў чалавека, сям’і. Цяпер у беларускіх законах гэтага паняцьця ня будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG