«Арышт настолькі бязглузды, што няма словаў, — расказаў ён „Нашай Ніве“. — У мяне на заплечніку значок з Пагоняй на фоне бел-чырвона-белага сьцяга і зь лічбамі 23.34. Я яго нашу з восені, пасьля першага арышту. І міліцыя, і патрулі на вуліцах, у мэтро бачылі, але заўвагаў не было. А ў нядзелю 21 сакавіка я праводзіў экскурсію ў музэі для курсантаў з брыгады спэцназу».
Факультэт унутраных войскаў Вайсковай акадэміі знаходзіцца на базе брыгады спэцназу 3214. Экскурсанты былі не пры выкананьні, у цывільнай вопратцы. Сярод іншага Юры Куўшынаў расказаў ім пра бел-чырвона-белы сьцяг. Тыя ўважліва слухалі. А калі вяртаўся дадому, зноў зь імі сутыкнуўся, гэтаксама ехалі ва Ўручча.
«Падымаюся ў пераходзе на Кастрычніцкую і адчуваю, як хтосьці тузае за заплечнік. Паварочваюся, бачу тых самых курсантаў і іх кіраўніка. Ён пачынае размову: маўляў, што за значок, паказвай тэлефон. Я ад такога нахабства ажно разгубіўся. Вядома, нічога ня стаў паказваць і папрасіў вярнуць значок. Яны на эскалятары абступілі мяне, галоўны выклікаў патруль АМАП, і мяне павезьлі ў Ленінскае РУУС», — кажа ён.
Паколькі Юры быў у масцы, спачатку яго не пазналі. А калі зьняў і пацікавіўся, ці спадабалася экскурсія, старшы адказаў: «Так, спадабалася». І, адвёўшы вочы, дадаў: «Я делаю свою работу, сами всё понимаете...»
Першы раз 29-гадовы музэйнік трапіў на суткі падчас леташняга маршу 8 лістапада. Тады пасядзеў на Акрэсьціна, у Жодзіне і Магілёве. Цяперашнія ўмовы былі нашмат горшыя, параўноўвае ён.
«На Акрэсьціна хлёрку ў карцар залілі, у Жодзіне пасьля 25 сакавіка пачаліся расьцяжкі і ўдары. Пазабіралі матрацы з падушкамі, у васьмімесцавай камэры было 13 чалавек. Спалі на падлозе. Вэнтыляцыі няма. Як атрымалі перадачы, праз два дні забралі ўсе кнігі, часопісы, асадкі, алоўкі, нават соль з прыправамі. А пасярод начы будзілі праверкамі», — завяршыў свой аповед Юры Куўшынаў.