Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон «Аб масавых мерапрыемствах» за 24 гады мянялі дзясятак разоў. Як гэта было


Ілюстрацыйнае фота. Марш пэнсіянэраў у Менску, кастрычнік 2020 году

Цяпер у закон прапануюць новыя зьмены. Глядзім, якія пункты закону мянялі і што на гэта ўплывала.

Закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Беларусі зьявіўся ў 1997 годзе. Гэтаму папярэднічала «гарачая вясна» 1996 году — шэраг масавых вулічных акцый супраць уладаў.

Тады гэта быў дэкрэт прэзыдэнта «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыі і пікетаваньні». Ужо ў тым дэкрэце прапісваліся нормы: узгадняць мітынг павінны мясцовыя ўлады, нельга абвяшчаць у СМІ дату мерапрыемства, пакуль яго не ўзгаднілі, нельга перашкаджаць руху транспарту. Потым папраўкі ў гэты закон уносіліся 13 разоў. Прыгадаем асноўныя.

2011 год: Флэшмобы таксама трэба ўзгадняць, у інтэрнэце нельга абвяшчаць месца збору

Пасьля пратэстаў супраць вынікаў выбараў 2010 году і акцый праз сацыяльныя сеткі 2011 году (тады людзі зьбіраліся і пляскалі ў ладкі) закон «Аб масавых мерапрыемствах» вырашылі істотна абнавіць. У новай рэдакцыі закону любыя флэшмобы таксама трэба ўзгадняць зь мясцовымі ўладамі, а месца збору, пакуль няма дазволу, нельга абвяшчаць у інтэрнэце і сацыяльных сетках (раней такой нормы не было).

Арганізатарамі акцыі ня могуць быць грамадзяне, якія цягам году дапусьцілі парушэньне ў арганізацыі падобнага мерапрыемства.

Арганізатары ўсіх мерапрыемстваў, апроч дзяржаўных органаў, мусяць аплочваць паслугі міліцыі на акцыі.

Паўнамоцтвы сілавікоў тады закон моцна пашырыў: з 2011 году яны могуць працаваць на акцыі ў цывільным адзеньні, абгароджваць месца збору, весьці фота- і відэаздымку прысутных.

2017 год: Журналісты мусяць быць абазначаныя, паслугі сілавікоў растуць у цане

У 2017 годзе ў Менску ды іншых гарадах Беларусі пачалі праходзіць масавыя акцыі супраць «дармаедзкага дэкрэту», згодна зь якім грамадзяне, якія не працуюць, мусілі плаціць грашовы збор. Усе гэтыя акцыі праходзілі без дазволу ўладаў. Закон зноў прапанавалі памяняць.

Улады паспрабавалі выдаць новыя зьмены за «лібэралізацыю». Напрыклад, у законе прапісваўся варыянт паведамляльнага правядзеньня акцыі: арганізатар падае заяўку на акцыю ў мясцовыя органы ўлады за 10 дзён, і калі ўлады ня маюць пярэчаньняў, то можа яе спакойна праводзіць. Але органы ўлады могуць і не ўзгадніць мерапрыемства, чым яны і карысталіся пасьля такіх зьменаў.

Аплату паслуг сілавікоў, мэдыкаў і камунальнікаў у законе ўніфікавалі. Раней мясцовыя органы самі вырашалі, колькі арганізатары будуць плаціць, пасьля зьменаў увялі адзіныя тарыфы для ўсіх.

Паводле зьменаў, журналісты мусяць быць на акцыі абазначаныя камізэлькай, мець акрэдытацыю. Нібыта гэта робіцца, каб журналістаў не чапалі. На самой справе норма ніяк не ратавала журналістаў ад затрыманьня ці праблем на такой акцыі, а вось неакрэдытаваным СМІ гэта істотна перашкаджала працаваць.

Таксама цалкам забараняліся спантанныя акцыі — менавіта такія акцыі і праходзілі супраць «дармаедзкага дэкрэту» ў 2017 годзе. Зьмены ў закон набылі моц толькі ў 2019 годзе.

Паслугі сілавікоў па ахове акцый вырасьлі ў цане. Так, за ахову акцыі, большай за тысячу чалавек, трэба было заплаціць 6375 рублёў.

2021: Трансьляцыі — забараніць, паведамляльны прынцып — адмяніць

У 2021 годзе закон «Аб масавых мерапрыемствах» зноў вырашылі памяняць. 2 красавіка Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні разгледзела зьмены.

Цяпер журналістам прапануюць забараніць весьці трансьляцыі зь недазволеных масавых акцыяў. Новыя зьмены, да таго ж, прыраўноўваюць журналістаў да ўдзельнікаў акцый. На акцыях летась журналістаў і так затрымлівалі дзясятак разоў і не дазвалялі весьці трансьляцыі.

Таксама паводле новых паправак акцыя можа адбыцца толькі з дазволу мясцовых уладаў — то бок паведамляльны прынцып адмяняецца. Да атрыманьня дазволу анансаваць акцыю нельга нідзе і ніяк.

Пакуль дэпутаты прынялі папраўкі ў першым чытаньні. Далей — другое чытаньне і зацьвярджэньне Лукашэнкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG