Раней прынц Хамза бін Гусэйн заявіў, што знаходзіцца пад хатнім арыштам. Ён таксама адпрэчыў удзел у змове і абвінаваціў лідэраў Ярданіі ў карупцыі і некампэтэнтнасьці, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Шаснаццаць чалавек, у тым ліку былы дарадца караля Абдулы і яшчэ адзін член каралеўскай сямʼі, былі арыштаваныя 3 красавіка за меркаваную пагрозу бясьпецы каралеўства, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле Сафадзі, замежнай выведка кантактавала з жонкай Хамзы для арганізацыі самалёта, на якім яны маглі б пакінуць Ярданію.
Маці Хамзы, каралева-ўдава Нур, выступіла ў абарону свайго сына.
«Малюся, каб праўда і справядлівасьць перамаглі для ўсіх нявінных ахвяр гэтага злоснага паклёпу», — напісала яна ў Твітэры.
Хто такі прынц Хамза?
Найстарэйшы сын нябожчыка караля Гусэйна і яго любімай жонкі каралевы Нур, прынц Хамза — выпускнік брытанскай Каралеўскай вайсковай акадэміі ў Сандгерсьце. Ён таксама наведваў Гарвардзкі ўнівэрсытэт у ЗША і служыў у ярданскіх узброеных сілах.
Ён атрымаў тытул насьледнага прынца Ярданіі ў 1999 годзе і быў улюбёнцам караля Гусэйна. Аднак ён лічыўся занадта маладым і неспрактыкаваным, каб на момант сьмерці караля Гусэйна яго назвалі пераемнікам.
Замест гэтага яго старэйшы зводны брат Абдула заступіў на трон і пазбавіў Хамзу тытулу насьледнага прынца ў 2004 годзе.
Гэты крок быў расцэнены як удар па каралеве Нур, якая спадзявалася ўбачыць старэйшага сына каралём.