Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрацоўнікі «Голасу» заявілі, што ўзлому плятформы не было


Плятформа «Голас»
Плятформа «Голас»

На іх думку, гэта чарговая спроба дыскрэдытацыі «Голасу». Насамрэч ніхто базу дадзеных на продаж не выстаўляў, яна надзейна абаронена, а нумары зашыфраваныя.

Распрацоўнікі плятформы «Голас», якую неафіцыйна задзейнічалі для падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах-2020 і галасоў за перамовы аб перадачы ўлады ў Беларусі, абверглі інфармацыю аб узломе, якая напярэдадні зьявілася ў інтэрнэце.

Раней тэлеграм-канал «Утечки информации» паведаміў: «На продаж выстаўлена база дадзеных Telegram-бота golosby_bot (і Viber-бота golos-by), які належыць беларускаму праекту «Голас».

«Цытата з апісаньня боту: „Плятформа даказала масавыя фальсыфікацыі на выбарах прэзыдэнта, палічыўшы галасы мільёнаў беларусаў“. У SQL-дампе ўтрымліваюцца тэлефоны тых, хто рэгістраваўся ў боце. Усяго 768 418 радкоў».

Пры гэтым у допісе дадзенага тэлеграм-каналу побач з апісаньнем стаяць смайлы, што можа ўказваць на прыналежнасьць каналу сілам, якія выступаюць супраць плятформы «Голас».

У самім «Голасе» заявілі, што такія заявы — хлусьня. Тым болей, што ў базе дадзеных «Голасу» не захоўваюцца непасрэдна нумары тэлефонаў, там яны зашыфраваныя (хэшаваныя).

«Мы зьвязваем чарговую правакацыю з эфэктыўнасьцю працы „Голасу“, які карыстаецца даверам і беларусаў, і ўсёй міжнароднай супольнасьці, якая пасьля абвяшчэньня галасаваньня за перамовы аб выхадзе з крызісу прыкметна актывізавалася».

«Голас» папрасіў карыстальнікаў не давяраць правакацыям, запэўніўшы, што ўсе дадзеныя надзейна абаронены і знаходзяцца ў поўнай бясьпецы. Акрамя таго, на плятформе патлумачылі, што маюць звыш 1,6 млн уліковых запісаў, а не 760 тысяч.

Асобны нюанс «Голас» апісаў для тэхнічных спэцыялістаў, паведаміўшы, што ў скрыншоце нібыта «базы дадзеных» і ў саміх дадзеных, якія выдаюцца за яе, ёсьць грубая памылка, якая паказвае падробку: chat_id ва ўсіх запісаў аднолькавы, што ў рэчаіснасьці немагчыма — у кожнага карыстальніка гэтыя дадзеныя ўнікальныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG