Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: падчас допытаў Вольга Залатар тройчы заяўляла пра катаваньні, на руках і шыі былі сінякі


Вольга Залатар

Маці пяцёх дзяцей з пасёлку Ждановічы Вольга Залатар трэці тыдзень пад вартай, цяпер — у СІЗА на Валадарскага. Паводле інфармацыі TUT.BY, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрыманьня да яе ўжывалася фізычная сіла.

Як паведамляе TUT.BY, адвакаты выявілі ў Вольгі Залатар сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.

«Падчас допытаў у сьледчага Вольга тройчы паказвала на факты катаваньняў, — расказаў TUT.BY адвакат Андрэй Мачалаў. — У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблякаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе зьвесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам ня сьведчыць супраць сябе. Пасьля гэтага, казала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы зь ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджаньняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах».

Права ня сьведчыць супраць сябе гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Па словах Андрэя Мачалава, ён падаваў хадайніцтва аб выкліку і прыцягненьні судмэдэкспэрта, каб зафіксаваць пашкоджаньні на целе Вольгі Залатар. Да гэтага часу, паводле яго інфармацыі, экспэрт зь ягонай падабароннай не сустракаўся.

— Таксама мы пісалі хадайніцтва сьледчаму, каб яна правяла агляд і апісала пашкоджаньні. Гэтага таксама зроблена не было. На маю думку, ёсьць спроба схаваць сьляды прымененых катаваньняў.

  • 38-гадовай шматдзетнай маці са Ждановічаў Вользе Залатар выставілі абвінавачаньне, паводле якога ёй пагражае да трох гадоў турмы.
  • Жыхарку Ждановічаў Вольгу Залатар арыштавалі 18 сакавіка. Сілавікі спынілі яе аўтамабіль, дзе, акрамя Вольгі, знаходзілася яе непаўналетняя дачка. Пасьля гэтага, па словах суседзяў, дадому да Вольгі прыехала група сілавікоў з ГУБАЗіКу. Яны правялі ператрус і забралі Вольгу з сабой. Цяпер яна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
  • У той жа дзень увечары затрымалі мужа Вольгі Сяргея. Яго асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, ён вызваліўся 28 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG