Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта коні-людзі нейкія». Працягваецца скандал з расейскім удзелам у «Эўравізіі»


Сьпявачка Manizha, якая будзе прадстаўляць Расею на Эўравізіі
Сьпявачка Manizha, якая будзе прадстаўляць Расею на Эўравізіі

У Радзе Фэдэрацыі РФ у сераду абмяркоўвалі песьню, якую выканае на конкурсе «Эўравізія» ўдзельніца ад Расеі.

Паводле DW, сэнатарка Алена Афанасьева заявіла, што выбар для ўдзелу ў «Эўравізіі» Маніжы Сангін зьдзівіў шмат каго з расейцаў. «Зьдзівіла не яе нацыянальнасьць (сьпявачка нарадзілася ў Таджыкістане.РС), ...зьдзівіла нават не яе зьнешнасьць, але зьдзівіла ўсіх песьня. У рэгіёнах зьдзіўленьню мяжы няма. Прысутнічаюць незадаволенасьць і неразуменьне, што за такі тролінг у дачыненьні да расейскіх жанчын», — заявіла сэнатарка.

Яна прапанавала запрасіць кіраўніцтва расейскага «Першага каналу», якое адказвае за адбор расейскага выканаўцы для ўдзелу ў «Эўравізіі», у верхнюю палату парлямэнту на дзень рэгіёнаў, каб яно паглядзела, «што такое руская душа і якія канцэрты трэба паказваць на сусьветных конкурсах».

Афанасьеву падтрымала і кіраўніца Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка. «Хто не знаёмы з тэкстам гэтай песьні, раю... Гэта коні-людзі нейкія і наогул нейкае трызьненьне. Я ўвогуле не разумею, што гэта такое, пра што гэта», — заявіла Мацьвіенка.

Сэнатар Максім Каўджарадзэ заявіў, што гэткія песьні разбэшчваюць расейскую моладзь.

У выніку сэнатары вырашылі запатрабаваць у «Першага канала» інфармацыю пра тое, як праходзіла працэдура галасаваньня.

  • Сьпявачка Маніжа Сангін (творчы псэўданім Manizha) будзе прадстаўляць Расею на конкурсе «Эўравізія», які мае адбыцца ў траўні ў Нідэрляндах. Яна стала пераможцай галасаваньня гледачоў, якое арганізаваў Першы канал, набраўшы амаль 40% і апярэдзіўшы гурты «2Маши» і Therr Maitz. На конкурсе Manizha выступіць зь песьняй «Russian woman» («Руская жанчына»).
  • 16 сакавіка 2021 году стала вядома, што рэдакцыя выданьня «Ветеранские вести» зьвярнулася ў Сьледчы камітэт РФ з просьбай распачаць у дачыненьні да Маніжы крымінальную справу за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, паколькі, лічыць рэдакцыя, яе песьня накіраваная «на грубую абразу і прыніжэньне чалавечай годнасьці рускіх жанчын па прыкмеце адносінаў да нацыянальнасьці». З падобнымі абвінавачаньнямі выступіў і «Саюз праваслаўных жанчын».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG