Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А вінаватая ўсё роўна будзе Герасіменя. Або Леўчанка». Рэакцыя на скрышальную паразу беларускіх футбалістаў


Зборная Беларусі ў футболе, архіўнае фота

30 сакавіка футбольная зборная Беларусі ў рамках адборачнага турніру чэмпіянату сьвету – 2022 пацярпела скрышальную паразу ад каманды Бэльгіі, першага нумару рэйтынгу ФІФА.

Цяпер 0:8 — новы антырэкорд у гісторыі выступленьня беларусаў на міжнародных спаборніцтвах.

Напярэдадні выязнога матчу ў бэльгійскі Левэн галоўны трэнэр Міхаіл Мархель упэўнена заяўляў: пасьля «куражу з эстонцамі» 27 сакавіка ў Менску (праз эпідэмію каранавірусу тыя годна супраціўляліся другім складам і толькі ў канцы сустрэчы «пасыпаліся», прагуляўшы 2:4) можна спадзявацца на станоўчы вынік.

Аднак пасьля фінальнага сьвістка нічога не заставалася, як пасыпаць галаву попелам: «Гульня цалкам не ўдалася», — расчаравана прызнаў настаўнік.

Яшчэ больш аптымізму перад сустрэчай выпраменьваў старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў. Нягледзячы на тое, што амаль усе супернікі ў групе нашмат вышэйшыя рангам (Бэльгія — № 1, Уэльс — № 18, Чэхія — № 44, Беларусь — № 88), выказаў перакананьне, што беларусам цалкам па сілах заняць выніковае другое месца і пазмагацца за выхад на чэмпіянат сьвету. Пасьля бэльгійскага накаўту футбольны функцыянэр пакуль не выказваўся.

Колішні форвард нацыянальнай зборнай Віталь Радзівонаў у размове са Свабодай абмежаваўся рэплікай: пасьля завяршэньня кар’еры настолькі аддаліўся ад футбольных справаў, што нават не сачыў за матчам.

Між тым, ягонымі словамі, пры цяперашнім стане беларускай футбольнай гаспадаркі марыць пра станоўчы вынік у супрацьстаяньні з сусьветнымі грандамі абсалютна саманадзейна, лічыць ён. Але і стаць сьведкам такога «дна» пры сваім жыцьці не разьлічваў.

А футбольны экспэрт, адзін з заснавальнікаў сталічнага клюбу «Крумкачы» Уладзіслаў Маяроўскі ў гэтым зьвязку пакпіў з «двухсэнсоўнасьці заяваў» трэнэрскага штабу.

«Калі Міхаіл Мархель перад гульнёй зь Бэльгіяй гаварыў пра тое, што „нацэлены на максымальны вынік“, магчыма, ён меў на ўвазе агульны тотал прапушчаных галоў?», — адзначыў ён.

Галоўны рэдактар спартовага рэсурсу «Трыбуна» Алег Гаруновіч іранізуе, што аглушальная параза футбалістаў нарэшце зблізіла ідэйных антаганістаў: і трэнэраў, і футбалістаў заслужана будуць «шпыняць» і тыя, хто за перамены, і прыхільнікі рэжыму.

«Але што б там ня здарылася, усё ж гэта наша нацыянальная каманда. Такая, якую мы заслугоўваем ва ўсіх сэнсах — і ўзроўнем падрыхтоўкі, і паводзінамі. Крыху баязьлівая, крыху нерашучая, крыху заціснутая. Наколькі ведаю, там няма „ябацек“, але гульцы маўчаць і ўтойваюць сваю пазыцыю, жывуць, так бы мовіць, у крайніх хатах. Хіба сярод беларусаў мала такіх? Таму гэта наша каманда, і, сьмеючыся зь яе, мы сьмяёмся і з саміх сябе», — адзначыў Алег Гаруновіч.

Спартовы аглядальнік агенцта БелаПАН Руслан Бацянкоў «антыфутбол» у выкананьні беларусаў ацаніў таксама дасьціпна — з прывязкай да дзяржаўнага падзелу спартоўцаў на «правільных» і «ізгояў».

«BEL — BLR — 8:0. Але вінаватая ўсё роўна будзе Аляксандра Герасіменя. Або Алена Леўчанка» (абедзьве спартоўкі рэзка асудзілі фальсыфікацыю выбараў і гвалт сілавікоў, пасьля чаго на іх пачалося цкаваньне. — РС).

Зашкальваюць эмоцыі і ў заўзятараў. Футбольны аматар з паўвекавым стажам, гісторык і палітык Анатоль Сідарэвіч кажа, што зь языка зрываюцца толькі нецэнзурныя словы. І дадае: няхай яшчэ падзякуюць, што на лаўцы запасных у бэльгійцаў сядзелі Кевін дэ Бройнэ і Рамэлу Лукаку, а то было б не 0:8, а 0:12.

«Згулялі на ўзроўні мікраскапічнага Гібралтару, які меў супернікам Нідэрлянды. Горш за Мальту, якая супрацьстаяла віцэ-чэмпіёнам сьвету з Харватыі; за Люксембург, які меў справу з чэмпіёнамі Эўропы з Партугаліі. Як будуць апраўдвацца гульцы? Трава надта высокая, заўзятары вялыя, мяч з кантамі? Ці нешта замінала, як кепскаму танцору? А тыя, каго прыставілі вытрымліваць правільную лінію, функцыянэры ад футболу? Перш-наперш слаўны артылерыст Базанаў. „Беда, коль пироги начнет печи сапожник“. Няхай нават верны рэжыму на 110%».

Зрэшты, выніковы лік мог быць яшчэ больш разгромным: пры ліку 0:6 літоўская брыгада арбітраў не залічыла чысты гол бэльгійскага паўабаронцы Ванакена, пасьля ўдару якога мяч цалкам перасек лінію варотаў. Так што галоўны судзьдзя Данатас Румшас яўна падгуляў і без таго пабітым суседзям.

Тым часам чарговым антырэкордам адзначыўся нападнік Дзяніс Лапцеў — 31 гульня ў афіцыйных сустрэчах без выніковых ачкоў. Ніхто яшчэ зь беларускіх форвардаў ня меў такой «засушлівай» сэрыі. У гэтым зьвязку таго, як мог, «падтрымаў» эпатажны экс-галкіпэр зборнай Беларусі Генадзь Туміловіч. Сказаў, што ў яго 32 матчы за галоўную каманду і таксама ніводнага голу. Праўда, далей за варатарскую моцна выходзіць і не даводзілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG