Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У індэксе гендэрнай роўнасьці Беларусь паміж Мазамбікам і Мэксыкай


Беларусь у «Глябальнай справаздачы аб гендэрнай роўнасьці – 2021» Сусьветнага эканамічнага форуму заняла 33-е месца, апынуўшыся паміж Мазамбікам (32) і Мэксыкай (34). Летась Беларусь была на 29-м месцы ў гэтым індэксе.

З суседзяў Беларусь апярэдзіла Ўкраіну (74), Польшчу (75) і Расею (81). Сёлета Літва ў гэтым рэйтынгу на 8-м месцы, а Латвія на 20-м.

У справаздачы The Global Gender Gap 2021 Сусьветны эканамічны форум вызначыў індэкс гендэрнай роўнасьці (gender gap index) для 156 краінаў.

Індэкс гендэрнай роўнасьці разьлічваўся паводле паказьнікаў становішча мужчын і жанчын у 4 тэматычных групах:

  • эканамічныя магчымасьці;
  • удзел у палітычным жыцьці;
  • даступнасьць адукацыі;
  • здароўе і працягласьць жыцьця.

Першае месца ў індэксе заняла, дванаццаты год запар, Ісьляндыя. Яна набрала 0,892 пункта. Гэта значыць, экспэрты палічылі, што ў Ісьляндыі гендэрны разрыў закрыты на 89,2%.

Індэкс гендэрнай роўнасьці Беларусі — 0,758. Найлепшы вынік у краіны паводле гендэрнай роўнасьці — у эканамічных магчымасьцях. Тут Беларусь займае 5-е месца ў індэксе. Найгоршы паказьнік — у сфэры палітычных правоў. Тут Беларусь займае 66-ю пазыцыю.

Сусьветны эканамічны форум — швайцарская няўрадавая арганізацыя, найбольш вядомая арганізацыяй штогадовых сустрэч у Давосе. На сустрэчы запрашаюцца вядомыя кіраўнікі бізнэсу, палітычныя лідэры і журналісты. Прадметам абмеркаваньня зьяўляюцца найбольш вострыя сусьветныя праблемы, у тым ліку ахова здароўя і ахова навакольнага асяродзьдзя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG