Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікаў спэцкамбінату ў Магілёве асудзілі за крадзеж старых надмагільляў, якія яны здавалі на мэталалом


Адна з старых магілаў на Машэкаўскіх могілках раскапаная
Адна з старых магілаў на Машэкаўскіх могілках раскапаная

Скрадзенай імі лічыцца і надмагільная пліта тагачаснага кіраўніка гарадзкой адміністрацыі. Віны ў яе вывазе з могілак падсудныя, аднак, не прызнаюць.

Васіля Падлобку пакаралі 2 гадамі папраўчых работ з утрыманьнем 25% заробку ў даход дзяржавы, Сяргея Пятрухіна — паўтара гадамі папраўчых работ з утрыманьнем 15% заробку. Падсудныя працавалі ў спэцкамбінаце абслугоўваньня насельніцтва, які даглядае ўсе гарадзкія могілкі. Нагледжаныя помнікі яны здавалі ў пункты прыёму другаснай сыравіны. Ахоўнага статусу надмагільлі ня мелі, але, паводле знаўцаў мясцовай даўніны, зьяўляліся часткай гісторыка-культурнай спадчыны Магілёва.

Зь якіх могілак і чые помнікі скралі

Надмагільлі мужчыны вывозілі з Машэкаўскіх і Габрэйскіх могілак, якія месьцяцца на ўскрайку мікрараёну «Юбілейны». Клады лічацца закрытымі, хоць новыя пахаваньні час ад часу тут зьяўляюцца. Тутэйшыя нэкропалі дасьледуюць рупліўцы гарадзкой даўніны.

Падобныя надмагільлі вывезьлі з Машэкаўскіх могілак
Падобныя надмагільлі вывезьлі з Машэкаўскіх могілак

Зьнікненьне з Машэкаўскіх могілак чыгуннай пліты з магілы Рыгора Грум-Гржымайлы, які ў 1840-гадах быў гарадзкім галавою, угледзеў экскурсавод і кіраўнік суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў у траўні 2020 году ды зьвярнуўся ў міліцыю. Падчас сьледзтва выявілся, што яшчэ тры помнікі зьніклі: з надпісам «Младенецъ Александръ Пушкинъ» і «Здесь покоится прах помещицы Александры Игнатьевны, урожденной Ладо Клодницкой Констовичевой» ды крыжападобны з магілы «девицы Елены Герасимович».

Пра крадзеж яшчэ аднаго помніка з Габрэйскіх могілак, якія побач з Машэкаўскімі, міліцыі паведамілі прадстаўнікі габрэйскай грамады ў ліпені. Ён стаяў на магіле Рашы Лур’е, памерлай у 1895 годзе. Пахаваньне знаходзілася на пляцоўцы, якой тры гады таму надалі ахоўны гісторыка-мэмарыяльны статус. Цяпер гэты ўчастак на прыватныя ахвяраваньні аднаўляюць пасьля дзесяцігодзьдзяў занядбаньня.

Зьніклы помнік з магілы Рашы Лур’е
Зьніклы помнік з магілы Рашы Лур’е

Дасьледнікі габрэйскай гісторыі сьцьвярджаюць, што аналягаў скрадзенаму надмагільлю ў Беларусі няма. Пра саму Рашу Лур’е зьвестак вобмаль, але, вядома, што жанчына была прадстаўніцай знанага габрэйскага роду, вядомага мноствам дасягненьняў у розных навуках.

Сьледзтва: разьбівалі чыгунныя надмагільлі на кавалкі

Паводле сьледзтва, з могілак помнікі вывезьлі Васіль Падлобка ды ягоны калега Сяргей Пятрухін. Яны, сьцьвярджаецца ў матэрыялах справы, разьбівалі чыгунныя надмагільлі на кавалкі і здавалі іх як лом у пункты нарыхтоўкі другаснай сыравіны. Падчас сьледзтва падсудныя прызналіся ў крадзяжы ўсіх надмагільляў. Паказаньні былі падмацаваныя сьведчаньнямі іншых работнікаў прадпрыемства.

Адно з старых чыгунных надмагільляў у глыбіні Машэкаўскіх могілак
Адно з старых чыгунных надмагільляў у глыбіні Машэкаўскіх могілак

Фрагмэнты надмагільля Алены Герасімавай апэратыўнікі адшукалі ў адной з нарыхтоўчых кантор. Яе супрацоўнік ня толькі запісаў дадзеныя Падлобкі, які прывозіў іх, але і сфатаграфаваў яго, бо засумняваўся ў законнасьці здабытага ім мэталалому. На кавалках ён разгледзеў крыж і літары. Падлобка патлумачыў яму, што замяніў надмагільле сваёй бабулі, а старое вырашыў здаць. Прывезенае работнікам спэцкамбінату загатавальнік адставіў у бок. Неўзабаве прыехала міліцыя і, склаўшы фрагмэнты, высьветліла, чыё надмагільле. За яго Падлобку загатавальнік заплаціў 30 рублёў.

Яшчэ адзін загатавальнік апазнаў па фатаздымку, паказаным падчас сьледзтва апэратыўнікамі, надмагільную пліту Рыгора Грум-Гржымайлы. Як ён настойваў у судзе, фрагмэнты пліты прывозіў Падлобка. Паводле загатавальнікаў, работнікі спэцпрадпрыемства ня раз прывозілі ім мэталалом на службовай машыне. За адну з партыяў лому ў 400 кіляграмаў Падломку заплацілі 120 рублёў.

Занядбаны ўчастак габрэйскіх могілак, зь якога вывезьлі помнік
Занядбаны ўчастак габрэйскіх могілак, зь якога вывезьлі помнік

Агульную цану зьніклых помнікаў ацанілі ў крыху больш за 12 тысяч рублёў. Як адзначана ў матэрыялах справы, аднавіць іх у поўнай меры ня ўдасца праз адсутнасьць дэталёвых эскізаў.

Падсудныя заявілі аб выбіваньні ў іх прызнальных паказаньняў

33-гадовы Васіль Падлобка ўжо быў асуджаны за крадзеж агароджаў з Габрэйскіх могілак, ягоная судзімасьць ня зьнятая. Ён не адмаўляў таго, што пусьціў на лом надмагільлі Алены Герасімавай, немаўляці Аляксандра Пушкіна ды Рашы Лур’е, але адхіліў абвінавачаньні ў крадзяжы надмагільнай пліты Грум-Гржымайлы.

Гісторыка-мэмарыяльны ўчастак габрэйскіх могілак адноўлены на прыватныя ахвяраваньні
Гісторыка-мэмарыяльны ўчастак габрэйскіх могілак адноўлены на прыватныя ахвяраваньні

Падсудны заявіў, што прызнаўся ў яе вывазе пад ціскам міліцыі ды агаварыў Сяргея Пятрухіна, да якога непрыязьнасьці ня меў.

Падлобка даводзіў, што вывезеныя помнікі ён знаходзіў на сьметніку падчас прыбіраньня могілак. Самі ж магілы не чапаў. У судзе прызнаўся, што на працу выходзіў нападпітку, што расцанілі як абцяжарваньне віны.

У апошнім слове ён прасіў суд аб паблажлівасьці, сказаў, што віну прызнае і хоча застацца на волі.

У 33-гадовага Сяргея Пятрухіна трое непаўналетніх дзяцей. Зь месца працы характарызуецца станоўча і дагэтуль працуе ў спэцкамбінаце. Мужчыну інкрымінуецца крадзеж надмагільляў Алены Герасімавай ды немаўляці Аляксандра Пушкіна. Падсудны свае дзеяньні тлумачыў няведаньнем таго, што дапамагае вывозіць з могілак помнікі. Ён казаў, што іхныя фрагмэнты ляжалі ў сьмецьці і выглядалі нікому не патрэбнымі.

Пятрухін таксама заявіў пра запалохваньне ў міліцыі. Па ягоных словах, пад ціскам апэратыўнікам ён сказаў, што разам з Падлобкам разьбілі, а потым вывезьлі пліту Грум-Гржымайлы.

На адным з судовых пасяджэньняў работнік спэцкамбінату Аляксандар Жукаў таксама заявіў, што агаварыў падсудных на допыце ў міліцыі. Паводле яго, супрацоўнікі пагражалі яму арыштам, калі ня скажа, што бачыў, як Падлобка і Пятрухін разьбівалі пліту Грум-Гржымайлы. Перад тым, як адправіць да сьледчага, міліцыянты нібыта далі паслухаць яму прызнаньні Падлобкі і намовілі пасьля, што казаць.

Падлобка, Пятрухін і Жукаў пасьля допытаў ня скардзіліся ў пракуратуру на супрацьзаконныя мэтады здабываньня міліцыянтамі прызнальных паказаньняў. Яны казалі, што супрацоўнікі абяцалі іх пакінуць на волі.

Што вырашыў суд?

Судзьдзя Аксана Ратнікава прызнала падсудных вінаватымі ва ўчыненым крадзяжы паўторна ў групе асобаў ды пастанавіла пакараць Падлобку 2 гадамі папраўчых работ, а Пятрухіна — паўтара гадамі папраўчых работ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG