Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэлектуальны клюб, фота з Лукашэнкам, палітычныя працэсы. Гісторыя старшай памочніцы пракурора Валерыі Таратынкі


Валерыя Таратынка

Старшай памочніцы пракурора Фрунзэнскага раёну Менску ўсяго 25, але яна пасьпела правесьці некалькі палітычных справаў.

Удзел у «палітычных» працэсах

Імя старшай памочніцы пракурора Фрунзэнскага раёну Менску Валерыі Таратынкі стала шырока вядомае падчас працэсу за надпіс «Не забудзем», зроблены на ходніку побач зь месцам гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Яна пачынала працэс над абвінавачанымі, 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам і 25-гадовай Марыяй Бабовіч, аднак неўзабаве Таратынку замянілі на іншага абвінаваўцу — Аліну Касьянчык.

У лютым 2021-га Валерыя Таратынка была абвінаваўцай на працэсе Арцёма Саўчука, які атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі нібыта за выкарыстаньне для пабудовы барыкады вазка з крамы.

Справу перакладчыцы Вольгі Калацкай, на разгляд якой спатрэбіўся ўсяго адзін дзень, таксама вяла Валерыя. За дзьве поўхі вядоўцу тэлеканалу СТВ Рыгору Азаронку памочніца пракурора папрасіла суд пакараць Калацкую двума гадамі «хатняй хіміі». Суд да 25-гадовай абвінаваўцы прыслухаўся.

Валерыя Таратынка часам прыпыняла працэс над перакладчыцай, паказваючы судзьдзі на людзей у залі, якія, на яе думку, паводзілі сябе неадпаведна. А таксама пазавала фатографам і пэрыядычна зазірала ў мабільнік.

Валерыя Таратынка падчас суду над Вольгай Калацкай
Валерыя Таратынка падчас суду над Вольгай Калацкай

Зь дзяцінства марыла стаць пракурорам

На працу ў пракуратуру Фрунзэнскага раёну Менску Валерыя Таратынка, па яе словах, трапіла пасьля праходжаньня там практыкі. Яна скончыла Акадэмію кіраваньня ў 2017 годзе, вучылася спэцыяльнасьці «Дзяржаўнае кіраваньне і права». У інтэрвію сайту Акадэміі кіраваньня Валерыя прызнавалася, што пракурорам марыла стаць зь дзяцінства, нават у сямігадовым узросьце прасіла ў бацькоў у падарунак Крымінальны кодэкс.

Спачатку была памочніцай пракурора, а ў 2020 годзе атрымала падвышэньне да старшага памочніка.

«Галоўным фактарам пры выбары (спэцыяльнасьці. — РС) было жаданьне навучыцца прафэсіі, якая будзе цікавай для мяне, — расказвала Валерыя ў кастрычніку 2020 году ў інтэрвію сайту Акадэміі кіраваньня. — Затым я арыентавалася на жаданьне займацца сацыяльна карыснай справай. А юрыспрудэнцыя, на маю думку, нічым не саступае прафэсіям настаўніка або лекара, бо толькі ў грамадзтве, дзе бясспрэчна выконваецца закон, ёсьць прагрэс, спакой, магчымасьць разьвіваць сябе, свае праекты і ствараць новую яркую будучыню».

Паходзіць Валерыя з Крычава, там жа скончыла сярэднюю школу № 8. У школе, акрамя вучобы, займалася інтэлектуальнымі гульнямі, наведвала клюб «Вэрсія», якім кіруе настаўнік гісторыі Яўген Махавік. Па яго словах, якія цытуе мясцовая газэта «Кричевская жизнь», Валерыя сваёй школы не забывае і пэрыядычна заяжджае на гульні інтэлектуальнага клюбу.

У 2016 годзе будучая памочніца пракурора заняла трэцяе месца на Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіядзе.

У 2017 годзе Валерыя ўдзельнічала ў штогадовым Рэспубліканскім балі выпускнікоў. Ад Акадэміі кіраваньня, акрамя яе, там удзельнічалі яшчэ двое выпускнікоў — Аляксандар Бурда (узначальвае цяпер аддзел ідэалягічнай і сацыяльнай працы ў «Белмытнясэрвісе») і Вольга Быкава (удзельніца каманды Акадэміі кіраваньня ў чырлідынгу), а таксама рэктар Марат Жылінскі.

«Першае працоўнае месца і сацыяльны статус гарантаваны вам дзяржавай», — абяцаў удзельнікам рэспубліканскага выпускнога Аляксандар Лукашэнка.

Дыплём за посьпехі ў навуковым і грамадзкім жыцьці будучая дзяржаўная абвінаваўца атрымлівала асабіста ад Лукашэнкі. Як прызнавалася сама Таратынка, паступаючы ў Акадэмію кіраваньня, пра такое яна «не магла нават марыць».

Валерыя Таратынка — у блакітнай сукенцы
Валерыя Таратынка — у блакітнай сукенцы

Яна падзякавала Аляксандра Лукашэнку за «ўвагу, якую ён аказвае моладзі. За пастаянную падтрымку, дапамогу і ўдзел».

«Мы ведаем і разумеем, што мы патрэбны краіне», — сказала на балі выпускнікоў Валерыя Таратынка.

Атрымаць дыплём з рук Лукашэнкі змаглі толькі 15 з больш як 250 запрошаных на баль у Палац Незалежнасьці выпускнікоў ВНУ Беларусі. На агульным здымку выпускнікоў Валерыя стаіць побач з Лукашэнкам.

Валерыя Таратынка крайняя зьлева
Валерыя Таратынка крайняя зьлева

У СМІ маладая абвінаваўца трапіла за год да палітычных працэсаў восені 2020-га. У лістападзе 2019 году яна вяла працэс былой чыноўніцы Міністэрства аховы здароўя Людмілы Равуцкай. Равуцкую затрымліваў КДБ у межах так званай «справы мэдыкаў», у Міністэрстве яна ўзначальвала фармінспэкцыю і ў выніку атрымала 6 гадоў пазбаўленьня волі за карупцыю. Валерыя Таратынка прасіла для Равуцкай 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG