Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён у мяне». У судзе паглядзелі відэа з рэгістратара амапаўца, які затрымліваў Ціханоўскага


Падчас суду Кнігу, Разьнічэнка, Фурманава заўжды ахоўвалі некалькі міліцыянтаў у бронекамізэльках

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 30 сакавіка прайшло чарговае паседжаньне над трыма гарадзенцамі, якіх затрымалі на пікеце разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

«Мужыкі, я разумею, што праца ў вас»

Падтрымаць фігурантаў, як і кожны раз, прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Аднаго зь фігурантаў, Зьмітра Фурманава, зьмясьцілі ў карцар у СІЗА, бо ён адмовіўся надзяваць кайданкі пры выхадзе з камэры. Фурманаў ужо абвяшчаў галадоўку ў сярэдзіне сакавіка ў знак пратэсту, што яго зь незразумелай яму прычыны зьмясьцілі ў карцар на 5 дзён, а таксама што водзяць за межамі камэры ў кайданках, як небясьпечнага злачынца. Фурманаў прысутнічае на судзе, як і іншыя падсудныя. Выглядае нармальна.

Уладзімер Кніга, Зьміцер Фурманаў і Яўген Разьнічэнка на судзе 17 сакавіка
Уладзімер Кніга, Зьміцер Фурманаў і Яўген Разьнічэнка на судзе 17 сакавіка

У судзе працягнулі разглядаць доказы ў справе. На відэа з рэгістратара амапаўца Дзьмітрыя Рахунка, які затрымліваў Ціханоўскага і прызнаны пацярпелым у справе, ёсьць затрыманьне блогера.

Чуваць голас Ціханоўскага: «Гэта правакацыя. Я нічога не рабіў, нічога не парушаў». Другі голас кажа: «Хадземце з намі». «Я іду, іду», — адказвае Ціханоўскі. Цягам усяго запісу ён ад моманту затрыманьня на вуліцы, у службовым аўтамабілі, а таксама ў аддзяленьні міліцыі некалькі разоў паўтарае падобныя фразы: «Што вы робіце? Мужыкі, што здарылася? Я нічога не рабіў. Мужыкі, я разумею, што праца ў вас».

Праз кароткі час пасьля прапановы прайсьці зь імі бачнасьць на відэарэгістратары зьнікае. Чуваць воклічы, шум тузаніны. У нейкі момант відаць, што камэру закрывае чыясьці далонь. Потым карцінка на некалькі хвілін пераўтвараецца ў цёмны квадрат.

Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка і Зьміцер Фурманаў у судзе 30 сакавіка
Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка і Зьміцер Фурманаў у судзе 30 сакавіка

Камэра зноў адкрываецца ў службовым аўтамабілі, які едзе ва УУС Горадзенскага аблвыканкаму. Відаць амапаўца ў форме, імаверна, Віктара Будніка, які таксама затрымліваў Ціханоўскага; ён рукой трымае дзьверы мікрааўтобуса. Таксама ў салёне едуць дзьве дзяўчыны ў форме. Калі ўсе выходзяць з машыны, робіцца зразумела, што Ціханоўскі сядзеў побач з Рахунком, а насупраць іх быў Буднік. Усе едуць моўчкі.

«Выходзім з машыны, — чуваць загад, калі машына спыняецца. — Калі мы выходзім, ня трэба трымацца за сядзеньне».

Усе ідуць у будынак спакойна. Ціханоўскага вядуць, прытрымліваючы яго рукой. На ўваходзе ва ўпраўленьне міліцыі яму апрацоўваюць рукі дэзынфэктарам. Яго з мэталашукальнікам аглядае супрацоўнік у міліцэйскай форме. Ціханоўскі проста спакойна стаіць.

«У Горадні яшчэ адна баба нейкая левая»

Рахунку тэлефануюць. Чуваць толькі ягоныя рэплікі.

«Так, я зразумеў. Ён у мяне, я ў горадзенскім. Ён у мяне. Што ў вас там здарылася? Кніга (прозьвішча аднаго зь фігурантаў справы, які раней служыў у АМАП. — РС) уё***, жывёла, зусім пі***ц. На мяне, нах*** наскакаўся», — кажа ў тэлефон голас.

«У нас ён там і жанчына нейкая. Нас чацьвёра: мы ўдвох і дзьве дзяўчыны», — той жа голас зьвяртаецца да некага па імені «Ксаныч».

Уладзімер Кніга
Уладзімер Кніга

«У Горадні яшчэ адна баба нейкая левая. Увесь «Собаль» (службовая машына, на якой везьлі Ціханоўскага. — РС) нам зламалі. Яна і да гэтага была зламаная. Кніга — жывёла, скакаў на мяне, душыў за шыю. Мы зь Віцем вялі яго. Гляджу, Кніга на мяне скача, нах***, — той жа голас зьвяртаецца да некага па імені «Вячаслававіч».

«Я ніводнага суду не прапушчу». — «Я таксама», — ціха перагаворваюцца ў залі прысутныя, калі чуюць словы амапаўца.

Адным з доказаў у справе праходзіць дыск з запісам стрыму Радыё Свабода зь пікету на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня 2020 году. У судзе паглядзелі ягоны фрагмэнт.

У паседжаньні зрабілі перапынак з прычыны кепскага стану аднаго з удзельнікаў. Наступнае паседжаньне заплянавалі на 2 красавіка, працягнуць разглядаць матэрыялы справы.

«Яшчэ крышку патрымайцеся. Крышку засталося», — кажуць падсудным на разьвітаньне гарадзенцы, паказваюць ім рукамі сэрцайкі.

Уладзімер Кніга разьвітваецца зь сябрамі пасьля суду
Уладзімер Кніга разьвітваецца зь сябрамі пасьля суду

Што варта ведаць у справе

Фігурантаў у справе трое: Зьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга. Іх затрымалі ў сувязі зь пікетам 29 траўня разам зь Сяргеем Ціханоўскім. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342), Кнігу і Разьнічэнку — таксама ў гвалце ў дачыненьні да міліцыянтаў (артыкул 364).

Усе трое прысутнічалі на пікеце 29 траўня мінулага году ў Горадні. Зьміцер Фурманаў зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Яго забралі зь пікету невядомыя разам з крэслам. Яўген Разьнічэнка падтрымаў міліцыянта Казлоўскага, які падаў на яго, каб той ня ляснуўся аб зямлю. Былога амапаўца Ўладзімера Кнігу забралі празь некалькі дзён, калі ён дапамагаў камандзе Ціханоўскай ставіць палатку для збору подпісаў.

Пацярпелых чацьвёра: участковыя Ленінскага РАУС Уладзімер Казлоўскі і Аляксандар Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік. Казлоўскі ўпаў пасьля тузаніны на Савецкай плошчы, Хваленя хадзіў з рупарам і ў інфармацыйнай камізэльцы. Два апошнія затрымлівалі Ціханоўскага.

Справу разглядае судзьдзя Вольга Бекушава. Пракурор Мікіта Мысьлівец. Суд пачаўся 18 студзеня.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG