Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа гонару». Рэктар Кіеўскага ўнівэрсытэту пра пазбаўленьне Лукашэнкі званьня ганаровага доктара


Уладзімір Бугроў

Філёзаф Уладзімір Бугроў, які перамог на выбарах рэктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі, падтрымлівае пазбаўленьне Аляксандра Лукашэнкі званьня ганаровага доктара, прысвоенага рашэньнем навуковай рады ў 2009 годзе.

«Як сябра навуковай рады я буду галасаваць за такое пазбаўленьне. Я мяркую, што гэта справа гонару. Але ў такіх пытаньнях заўсёды вельмі важна выканаць працэдуру, каб мы правільную мэту дасягнулі правільным чынам», — сказаў Уладзімір Бугроў у інтэрвію агенцтву Інтерфакс-Україна.

У той ж час рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту адзначыў, што дагэтуль не было ніводнага выпадку, каб каго пазбаўлялі раней прысвоенага ганаровага званьня.

«Гэта пытаньне палітычна-прававога характару. Таму я буду прапаноўваць навуковай радзе стварыць камісію зь юрыстаў, гісторыкаў і палітолягаў, каб распрацаваць бачаньне магчымасьці пазбаўленьня, каб навуковая рада ўхваліла гэтае бачаньне. Калі такая палітычна-прававая магчымасьць ёсьць, гэта трэба зрабіць», — дадаў Уладзімір Бугроў.

Новы рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту перакананы, што для ўзнагароджаньня званьнем ганаровага доктара трэба прадугледзець больш жорсткую працэдуру. «Гэта павінны быць бездакорныя навукоўцы і пэдагогі», — падкрэсьліў Уладзімір Бугроў.

Аляксандру Лукашэнку 2 лістапада 2009 году было прысвоена званьне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі.

Дыплём, мантыю і ганаровы знак кіраўніку Беларусі ўручыў рэктар унівэрсытэту акадэмік Леанід Губерскі 5 лістапада 2009 году — у часе візыту Лукашэнкі ў Кіеў. Сёлета Леанід Губерскі ня ўдзельнічаў у выбарах рэктара.

На сёньняшні дзень званьне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі маюць 99 асобаў, у тым ліку колішнія кіраўнікі Казахстану, Грузіі, Таджыкістану, Азэрбайджану, Узбэкістану і шэрагу эўрапейскіх краін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG