Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы праводзіць міжнародныя перамовы пра сытуацыю вакол польскай меншасьці ў Беларусі


Анджэй Дуда на цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў, што пачаў міжнародныя перамовы ў сувязі з сытуацыяй вакол польскай меншасьці ў Беларусі.

У прыватнасьці Дуда паведаміў, як адзначае БелаПАН, што абмеркаваў пытаньне з генэральным сакратаром АБСЭ Хельгай Шмід (Нямеччына), вярхоўным камісарам АБСЭ ў справах нацыянальных меншасьцяў Кайратам Абдрахманавым (Казахстан), прэзыдэнткай Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд.

«Эстонія зьяўляецца нясталым чальцом Рады бясьпекі ААН. «Я папрасіў яе [Кэрсьці Кальюлайд. — РС] узьняць гэтае пытаньне ў Радзе бясьпекі. Мы таксама дамовіліся, што я дадаткова напішу ліст у Раду бясьпекі ААН з гэтай нагоды», — сказаў прэзыдэнт Польшчы.

Паводле інфармацыі прэзыдэнцкай канцылярыі, у размове Дуды з генэральным сакратаром Рады Эўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч (Харватыя) былі атрыманыя запэўненьні, што пытаньне перасьледу польскай меншасці ў Беларусі будзе ўзьнята на наступным тыднi на пасяджэньні Камітэту міністраў Рады Эўропы.

Аб сытуацыі, якая склалася вакол палякаў Беларусі, кіраўнік польскай дзяржавы праінфармаваў таксама вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, былога прэзыдэнта Чылі Мішэль Бачэлет.

Акрамя таго, Дуда накіраваў ліст прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну, у якім заявіў, што «рэжым у Менску атакуе польскую меншасьць з палітычных матываў як прадстаўнікоў беларускага грамадзтва, зьвязаных з трансатлянтычнымі дэмакратычнымі інстытуцыямі». Дуда заклікаў ЗША як краіну, што старшынюе ў Радзе бясьпекі ААН, тэрмінова зьвярнуць увагу на парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, перасьлед яе грамадзянскай супольнасьці, уключаючы польскую меншасьць, і разгледзець гэтае пытаньне на адным з бліжэйшых пасяджэньняў Рады бясьпекі ААН.

Прэзыдэнт Польшчы адзначыў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года сытуацыя ў Беларусі стала напружанай і нестабільнай, а на рэалізацыю беларускім грамадзтвам фундамэнтальных правоў чалавека «рэжым адказаў рэпрэсіямі».

На думку польскага кіраўніка, міжнародная супольнасьць павінна распачаць сур’ёзныя крокі па абароне асабістых свабодаў і правоў чалавека ў цэлым, у тым ліку нацыянальных меншасьцяў у Беларусі. У лісьце Байдэну ён падкрэсьліў, што недахоп увагі і дзеяньняў, як сьведчыць гісторыя, у канчатковым выніку можа яшчэ больш пагоршыць сытуацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG