Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ падтрымае працу Міжнароднай плятформы для Беларусі па прыцягненьні да адказнасьці вінаватых у парушэньні правоў чалавека


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

Эўразьвяз падтрымае палітычна і фінансава працу Міжнароднай плятформы для Беларусі па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці (International Accountability Platform for Belarus), гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпа Бурэля.

«Пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў сем месяцаў таму беларускія ўлады зьдзейсьнілі непрымальныя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да беларускага народу, — сказаў ён. — На масавую мірную мабілізацыю беларускага грамадзтва, якое выступае за дэмакратыю і свае асноўныя свабоды, улады адказалі жорсткімі рэпрэсіямі, адвольнымі арыштамі і затрыманьнямі, сотнямі задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня, уключаючы сэксуальны і гендэрны гвалт. Несправакаваныя, адвольныя затрыманьні больш як 200 мірных людзей па ўсёй Беларусі ўчора з нагоды Дня Волі дэманструюць, што маштабы дзяржаўных рэпрэсій не зьмяншаюцца. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці».

Паводле слоў Бурэля, ЭЗ разам зь міжнароднымі партнэрамі «ўзначальвае барацьбу зь беспакаранасьцю».

Акрамя падтрымкі працы міжнароднай плятформы, адзначыў Бурэль, на гэтым тыдні Рада ААН па правах чалавека ўхваліла прапанаваную ЭЗ рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі. Гэты дакумэнт дае мандат вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека для збору інфармацыі аб парушэньнях у Беларусі. Бурэль падкрэсьліў, што ў сваёй працы вярхоўны камісар ААН будзе карыстацца дакумэнтацыяй, сабранай міжнароднай плятформай.

«ЭЗ будзе і надалей падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненьні да дэмакратыі і шанаваньня асноўных свабодаў, уключаючы права на свабоду слова, права мірна зьбірацца і праводзіць дэманстрацыі, не сутыкаючыся з гвалтам, запалохваньнем або страхам рэпрэсій», — сказаў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі.

Міжнародная плятформа для Беларусі па прыцягненьні да адказнасьці вінаватых у парушэньні правоў чалавека пачала працу 24 сакавіка. «Гэта кааліцыя незалежных праваабарончых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганьні для збору, апрацоўкі, праверкі і захаваньня доказаў сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку катаваньняў, зьдзейсьненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і ў пазьнейшы пэрыяд», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце плятформы.

Плятформа створаная, каб выканаць рэкамэндацыі прафэсара Вольфганга Бэнэдэка, дакладчыка ў межах Маскоўскага мэханізму АБСЭ, выкладзеныя ў яго дакладзе Пастаяннай радзе АБСЭ 5 лістапада 2020 году аб меркаваных парушэньнях правоў чалавека ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 9 жніўня.

У кіраўнічы камітэт плятформы ўвайшлі Dignity — Дацкі інстытут супраць катаваньняў, праваабарончы цэнтар «Вясна», Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі і праваабарончая арганізацыя Redress, якая дапамагае ахвярам катаваньняў.

У складзе кансультацыйнай рады плятформы: Эўрапейскі цэнтар па канстытуцыйных правах і правах чалавека, Міжнародная фэдэрацыя па правах чалавека, Міжнародная рада па рэабілітацыі ахвяр катаваньняў, Нарвэскі Хэльсынскі камітэт, арганізацыя «Лекары за правы чалавека», Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG