Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз экспартаваў 77 млн дозаў вакцыны, сваім грамадзянам зрабілі 62 млн прышчэпак. Кроніка вайны з каранавірусам


З пачатку пандэміі каранавірусу SARS-CoV-2 па ўсім сьвеце ім інфікаваныя звыш 126 мільёнаў чалавек, больш за 2,7 мільёна памерлі, звыш 101 мільёна пацыентаў ачунялі.

DW дае кроніку барацьбы з пандэміяй.

  • У кантынэнтальнай частцы Кітаю за суткі ня выяўлена ніводнага мясцовага выпадку заражэньня і ніводнага сьмяротнага зыходу. Па дадзеных Дзяржаўнага камітэту аховы здароўя КНР, апублікаваных у пятніцу, зафіксавалі 11 новых завезеных з-за мяжы выпадкаў заражэньня. За ўвесь час з пачатку эпідэміі ў Кітаі каранавірусная інфэкцыя ў кантынэнтальнай частцы краіны выяўлена ў 90 147 чалавек, больш за 85 тысяч чалавек ачунялі, 4636 пацыентаў памерлі. Насельніцтва краіны — больш за 1,4 млрд жыхароў.
  • Нямецкая кампанія BioNTech і амэрыканскі канцэрн Pfizer ўсьлед за вытворцамі Moderna і AstraZeneca паведамілі пра пачатак клінічных выпрабаваньняў вакцыны на дзецях. «Сумесна з нашым партнэрам BioNTech мы ўвялі вакцыну першай групе здаровых дзяцей у рамках глябальнай фазы клінічных выпрабаваньняў», — заявіў прадстаўнік кампаніі Pfizer. У рамках дасьледаваньня мяркуецца вывучыць бясьпеку і эфэктыўнасьць вакцыны ва ўзроставай групе ад 6 месяцаў да 11 гадоў. Паводле пляну, прэпарат BioNTech / Pfizer будзе ўжывацца для дзяцей з пачатку 2022 году.
  • Мэксыка пасьля ЗША і Бразыліі стала трэцяй краінай сьвету, у якой колькасьць афіцыйна зарэгістраваных сьмерцяў ад COVID-19 перавысіла адзнаку ў 200 тысяч чалавек. Па колькасьці выяўленых інфікаваных Мэксыка знаходзіцца на 13-й пазыцыі з больш як двума мільёнамі выпадкаў заражэньня. Між тым Мэксыка ўжо атрымала больш за 10 мільёнаў дозаў вакцынаў BioNTech / Pfizer, Sinovac, AstraZeneca, «Спутник V» і CanSino, паведаміла міністэрства здароўя. Да гэтага часу выкарыстана для вакцынацыі больш за 6 мільёнаў дозаў.
  • Дзённы прырост заражэньняў каранавірусам у Нямеччыне склаў 21 573 выпадкі. Па дадзеных Інстытута імя Робэрта Коха, за мінулыя суткі памерлі 183 чалавекі, такім чынам агульная колькасьць памерлых дасягнула 75 623. Усяго з пачатку эпідэміі ў краіне выяўлена 2 734 753 выпадкі заражэньня. Насельніцтва Нямеччыны — каля 84 мільёнаў жыхароў.
  • Эўропа стаіць перад тварам «сусьветнай вайны новага тыпу» ва ўмовах кампаніі вакцынацыі. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон па выніках першага дня відэасаміту Эўразьвязу. На думку Макрона, пагрозу ўяўляе ў тым ліку і «імкненьне Расеі і Кітаю аказаць уплыў» з дапамогай вакцынаў ад каранавірусу. Па словах францускага лідэра, ЭЗ павінен прадэманстраваць самастойнасьць у пытаньні вытворчасьці вакцынаў.
  • З 1 сьнежня 2020 году па 25 сакавіка Эўразьвяз экспартаваў 77 мільёнаў дозаў вакцыны, прышчэпкі жыхарам краінаў ЭЗ зробленыя з выкарыстаньнем 62 мільёны дозаў. Гэта вынікае з заявы старшыні Эўракамісіі Урсулы фон дэр Ляйен, якое яна зрабіла па выніках відэасаміту лідэраў дзяржаваў ЭЗ. «У цэлым у Эўропе вакцынаваныя 18.2 мільёны чалавек, гэта 4,1% насельніцтва, якія ўжо атрымалі дзьве дозы» — паведаміла фон дэр Ляйен.
  • Экспартныя продажы расейскай вакцыны «Спутник V» да канца лета могуць перавысіць 1 мільярд даляраў. Такую ацэнку прыводзіць вытворца прэпарату — кіраўнік кампаніі «Р-фарм» Аляксей Рэпік. У той жа час ён адзначыў, што пакуль істотных паставак замежным пакупнікам практычна не было. «У красавіку-траўні ключавым фокусам усё яшчэ будзе забесьпячэньне ўласнага календару вакцынацыі», падкрэсьліў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG