Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У беларускім грамадзтве ад рэпрэсій уладаў сьпее запатрабаваньне радыкалізму», — Чавусаў


Пратэсты ў Пінску, 9 жніўня 2020

Палітоляг Юры Чавусаў адказвае на пытаньне, наколькі далёка можа пайсьці беларуская ўлада ў рэпрэсіях, і тлумачыць, чаму Беларусь стала на міжнародным узроўні краінай, у якой «рэзка ўзмацнілася тэрарыстычная пагроза».

Сьцісла

  • Беларусь паўтарае расейскі досьвед у «барацьбе з экстрэмізмам».
  • «Быў бы чалавек, а закон знойдзецца. Калі ня знойдзецца, мы яго створым».
  • Беларусь — гэта краіна, дзе ўзровень палітычнага гвалту быў самы высокі ў Эўропе ў XX стагодзьдзі.
  • Беларусь стала краінай, у якой «рэзка ўзмацнілася тэрарыстычная пагроза».
  • Улады ня лічаць патрэбным дыялёг, асабліва на ўмовах, якія прапануе Ціханоўская. Бо гэта для іх было б прызнаньнем уласнай паразы

— Генэральная пракуратура распрацавала праект новай рэдакцыі закону аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, згодна зь якім будзе весьціся ўлік арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці». Істотна дапоўнена паняцьце «экстрэмісцкія матэрыялы»: да іх аднесена ня толькі інфармацыйная прадукцыя, але і сымболіка, атрыбутыка, прызначаная для экстрэмісцкай дзейнасьці і яе прапаганды.

Што азначае імавернае прыняцьцё гэтых паправак? Ці будуць яны актыўна прымяняцца на практыцы? Ці, магчыма, застануцца «мёртвымі» законамі, выконваючы выключна функцыю застрашваньня?

— Па-першае, закон аб процідзеяньні экстрэмізму ў Беларусі даволі актыўна прымяняецца апошнім часам. Раней ён прымяняўся толькі ў асобных выпадках, датычна інфармацыйных матэрыялаў, якія рашэньнямі судоў прызнаваліся экстрэмісцкімі.

Але ў Расеі «барацьба з экстрэмізмам» — асноўны сродак палітычнага перасьледу. Таму мы маем справу з прыняцьцём таго, што на ўсход ад Беларусі даўно выкарыстоўваецца. Часам кажуць, што Беларусь — гэта палігон для выкарыстаньня нейкіх тэхналёгіяў. Але ў дадзеным выпадку наадварот — Беларусь прымяняе расейскі досьвед.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

І гаворка ідзе ня толькі пра зьмены ў закон аб барацьбе з экстрэмізмам — у гэтым кірунку зьмяняецца шэраг законаў. На пляцоўцы Адміністрацыі прэзыдэнта і Савету бясьпекі былі створаныя дзьве рабочыя групы, задача якіх — абагульніць той досьвед палітычнага перасьледу, які ажыцьцяўляецца ў апошнія месяцы, і падрыхтаваць заканадаўчыя мэханізмы, якія дазволяць прававым чынам аформіць гэтыя дзеяньні.

Так, вы маеце рацыю, у Беларусі ёсьць законы, якія не выкарыстоўваюцца, але падчас надзвычайных сытуацыяў пра іх узгадваюць. Напрыклад, некаторыя нормы Крымінальнага кодэксу, якія пачалі ўжывацца толькі цяпер. Напрыклад, той экзатычны артыкул, які раней не выкарыстоўваўся, які прад’яўлены спадару Знаку і іншым сябрам Каардынацыйнай Рады — «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспубліцы Беларусь». Гэта быў артыкул «сьпячы», ён ніколі не выкарыстоўваўся — але цяпер стаў папулярным, бо яго можна вельмі шырока трактаваць.

Так што і іншыя артыкулы, якія раней «спалі», зараз могуць пачаць выкарыстоўвацца. Напрыклад, артыкул 369-1 КК пра «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», які быў уведзены ў 2011 годзе, але не выкарыстоўваўся і працаваў выключна для застрашваньня журналістаў – пра яго СМІ ведалі і часта прыгадвалі, але, наколькі вядома, ніводнай справы па ім не было. Гэты артыкул прадугледжвае адказнасьць за перадачу за мяжу зьвестак, які заведама хлусьлівыя і шкодзяць Беларусі. Цяпер улады вырашылі гэткі мэханізм пашырыць і распаўсюдзіць паняцьце дыскрэдытацыі і на любыя публікацыі ўнутры Беларусі, а таксама ў інтэрнэце. Невядома, ці будзе гэта зноўку прэвентыўны захад, ці гэты артыкул будуць ужываць практычна супраць тых блогераў, якіх цяпер перасьледуюць па іншых нормах крымінальнага кодэкса.

Трывожыць тое, што калі цяперашняя вэрсія артыкула 369-1 карае толькі за распаўсюд хлусьлівых зьвестак, то ў агучаным праекце новай рэдакцыі адказнасьць можа наступаць і за распаўсюд праўдзівых зьвестак – дастаткова, каб яны “дэманстравалі непавагу да беларускага народу”. Турэмнае зьняволеньне за рэпосты ў сацсетках, відавочна, можа такім чынам пашырыцца.

Увогуле публікацыю афіцыйных зьвестак пра падрыхтоўку зьменаў у закон аб экстрэмізьме я ўспрымаю як сьведчаньне тых мэтаў, дзеля чаго гэтыя зьмены рыхтуюцца. Гэта застрашваньне, гэта нагнятаньне таго, што «быў бы чалавек — а закон знойдзецца. Калі ня знойдзецца, мы яго створым».

— Невядома, у якой форме будуць прынятыя гэтыя папраўкі. Але ў любым выпадку тэндэнцыя відавочная — гэта павелічэньне рэпрэсіяў і іхняе пашырэньне, распаўсюджваньне на ўсё большую колькасьць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Куды гэта ўсё можа прывесьці, дзе мяжа рэпрэсіяў, якую сама ўлада сабе ставіць? Натуральна, што гэтую мяжу павінна ставіць грамадзтва сваімі дзеяньнямі. Але ўсё-ткі — ці адчувае гэтая ўлада нейкія «берагі»?

— На гэтае пытаньне складана адказваць у прававым рэчышчы. Дзейнае беларускае заканадаўства не адпавядае міжнародным нормам. І калі мы кажам пра барацьбу з экстрэмізмам, то, паводле міжнародных стандартаў, дапушчальнай зьяўляецца барацьба з гэтак званым “гвалтоўным экстрэмізмам” (напрыклад – з наўпроставымі заклікамі да гвалту), а не з нейкім абстрактным “экстрэмізмам увогуле”.

Спэцдакладчык ААН па абароне правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў падчас барацьбы з тэрарызмам робіць адмысловыя заявы, што ня трэба выкарыстоўваць сам тэрмін «барацьба з экстрэмізмам» -- таму, што гэта пераўтвараецца ў барацьбу з іншадумствам. Бо гэта толькі спрыяе разьвіцьцю палітычнага радыкалізму, радыкалізацыі тых сілаў, якія пазбаўляюцца легальнай магчымасьці выказваць свой погляд, змагацца за палітычную ўладу.

Гэта вядомая рэч, калі барацьба з праявамі незадаволенасьці прыводзіць да радыкалізацыі самой незадаволенасьці. Мы ў Беларусі гэта бачым, мы бачым, што ў адказ на неправавыя і гвалтоўныя формы рэпрэсіяў у некаторых выпадках пачаў рабіцца гвалтоўны супраціў – мяжа дапушчальнага гвалту павысілася для абодвух бакоў супрацьстаяньня.

І калі мы кажам пра тое, дзе тая мяжа, то трэба зазначыць, што Беларусь мае вельмі складаную гісторыю палітычнага гвалту. Беларусь — гэта краіна, дзе ўзровень палітычнага гвалту быў самы высокі ў Эўропе ў XX стагодзьдзі, дзе сотні тысяч людзей былі зьнішчаныя паводле палітычнай, нацыянальнай, сацыяльнай ды іншай прыкметы.

Таму тут улады гуляюць з агнём. У гэтым сэнсе сытуацыя ў краіне разьвіваецца ў вельмі трывожным кірунку. Мы бачым, што ўзровень дапушчальнага гвалту падвышаецца. Пабіў чалавек суседа ў ліфце — яму нічога за гэта няма. Быў забіты Раман Бандарэнка — крымінальная справа заведзеная, але відавочна, што вінаватым удасца пазьбегнуць адказнасьці.

У Беларусі ня ўсё добра са славутай беларускай талерантнасьцю. І спрабаваць змагацца з гэтым законамі аб экстрэмізьме — можа пацягнуць за сабой адваротныя наступствы. У грамадзтве сьпее запатрабаваньне на радыкалізм. Часткова гэта ўнутры Беларусі, а часткова — па-за яе межамі.

— Як лічаць некаторыя палітолягі, ці не адзінае, што можа стрымаць рэпрэсіі — гэта патэнцыйная замежная рэакцыя, пагроза далейшых санкцыяў. Якой павінна быць гэтая міжнародная рэакцыя і як беларускія ўлады могуць на яе рэагаваць?

— Як мы ўжо вышэй адзначылі, Беларусь упершыню стала прадметам адмысловай увагі і афіцыйнага запыту антытэрарыстычных сусьветных мэханізмаў, якія існуюць у ААН. Ня ведаю, што думалі беларускія ўлады, калі ўносілі сваіх палітычных апанэнтаў у сьпісы тэрарыстаў, калі чалавека асудзілі як тэрарыста за публікацыю ў інтэрнэце. Факт у тым, што паводле фармальных прыкметаў (наяўнасьць беларусаў у сьпісе «тэрарыстаў», наяўнасьць людзей, асуджаных за «тэрарыстычныя акты») Беларусь стала краінай, у якой рэзка ўзмацнілася тэрарыстычная пагроза.

І тут уступаюць у дзеяньне зусім іншыя сусьветныя стандарты. Зусім іншым чынам будуць выглядаць заклікі да фінансавых санкцыяў. Улады такім чынам даюць вельмі моцны аргумэнт палітыкам, якія выступаюць за ўзмацненьне санкцыяў. Гэта, у сваю чаргу, карэнным чынам можа зьмяніць месца Беларусі на сусьветнай мапе.

Уладам лепш было б зразумець крыніцы грамадзкай нездаволенасьці, а не злоўжываць такімі абвінавачваньнямі, не імкнуцца наклеіць на палітычных апанэнтаў нейкія ярлыкі. Выглядае, што яны хочуць проста знайсьці больш крыўдны і дыскрэдытацыйны ярлык. Маўляў, «давайце абвесьцім бел-чырвона-белы сьцяг нацысцкім, і тады ўсе людзі, якія Лукашэнку ня любяць, нібыта вырашаць, што цяпер трэба яго падтрымліваць».

— Калі гаварыць пра лёгіку ўлады, то чаму б, на вашую думку, ім не пайсьці на нейкія перамовы, да якіх заклікае Ціханоўская? Было б нешта падобнае да таго, як у 1999 годзе пры пасярэдніцтве АБСЭ праходзілі перамовы паміж уладамі і апазыцыяй. Чаму б уладам зараз не спыніць рэпрэсіі, цягнуць час, пачаць нейкую бачнасьць дыялёгу, каб, у прыватнасьці, спыніць радыкалізацыю грамадзкіх настрояў?

— Улады ня лічаць патрэбным дыялёг, асабліва на ўмовах, якія прапануе Ціханоўская. Бо гэта для іх было б прызнаньнем уласнай паразы. Можа, увосень падобныя варыянты і мелі б посьпех, мы памятаем, што нейкія пляцоўкі для «дыялёгу» ўлады стваралі, але ў выніку ўсё пераўтварылася ў выступ Канапацкай на Ўсебеларускім народным сходзе. Цяпер сытуацыя зьмянілася, дыялёг уладам не патрэбен.

Што да міжнароднага пасярэдніцтва — то гэта варыянт нельга адкідаць. Пасярэдніцтва можа быць, але толькі тады, калі гэта будзе выгадна Лукашэнку. На гэтай стадыі, стадыі нарастаньня рэпрэсіяў і выпальваньня ўсяго альтэрнатыўнага — пакуль ня час для Менску запрашаць пасярэднікаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG