Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску ліквідуюць дабрачынную арганізацыю, заснавальніца якой зьбегла ад перасьледу ў Польшчу


Алена Шымоліна з дачкой на акцыі пратэсту ў Менску. Архіўнае фота

Арганізацыя «Палеская дабрыня» дапамагала пінчукам, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў. За гэта яе заснавальніцу пачалі перасьледаваць.

У Пінску ліквідуюць прыватную дабрачынную арганізацыю «Палеская дабрыня». Пра гэта сайту «Мэдыя-Палесьсе» паведаміла яе заснавальніца Алена Шымоліна.

Цяпер Шымоліна ў Польшчы, яна зьехала зь Беларусі разам зь непаўналетняй дачкой. Паводле Алены, рашэньне аб ліквідацыі «Палескай дабрыні» Пінскі гарвыканкам ужо прыняў. Цяпер работнікі падатковай інспэкцыі тэлефануюць яе 80-гадовай маці, каб тая прынесла ім дакумэнты для ліквідацыі арганізацыі.

Заснавальніца прыватнай дабрачыннай арганізацыі адкрыта выступіла супраць улады, заклікала выбаршчыкаў галасаваць за кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую, асудзіла жорсткасьць сілавікоў у дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў, а яе арганізацыя аказвала матэрыяльную дапамогу пінчукам, якія пацярпелі ад гвалту міліцыі.

У офісе «Палескай дабрыні» і па месцы жыхарства Алены Шымолінай правялі ператрусы, канфіскавалі кампутарную тэхніку, статутныя і фінансавыя дакумэнты. Пасьля шматгадзіннага допыту ў міжраённым аддзеле Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю яе адпусьцілі. У тую ж ноч яна з дачкой пакінула Беларусь.

Па словах Шымолінай, тэчка з важнымі дакумэнтамі, якія даказваюць гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў у Пінску, знаходзіцца ў надзейным месцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG