23 сакавіка на гарбарні ў Гатаве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў яго няма «залатога дна».
«Паверце, я ніколі асабістых інтарэсаў не прадʼяўляў. У мяне няма „залатога дна“, няма нічога — усё гэта хлусьня, гэта карцінкі. У мяне было толькі адно: каб простыя людзі мелі нешта ад нашых праектаў. І другое — дзяржава. Мы адбыліся як дзяржава. Я не магу яе ўгробіць. Вось мае інтарэсы».
Гэта ён сказаў на гарбарным заводзе ў пасёлку Гатава пад Менскам.
8 сакавіка на YouTube-канале Nexta адбылася прэмʼера фільму «Лукашэнка. Залатое дно». У паўтарагадзінным відэа расказваюць пра шматлікія рэзыдэнцыі Лукашэнкі — як афіцыйныя, так і «падораныя» блізкімі бізнэсоўцамі. Таксама апісаны аўтапарк, якім ён карыстаецца, з машынамі за сотні тысяч і нават мільёны даляраў, у тым ліку і рэтра-аўтамабілі. Асобны фрагмэнт фільму тычыцца авіяпарку — некалькі самалётаў і гелікоптэр.
Фільм набраў больш за 6 мільёнаў праглядаў.