Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы парушаеце мае правы». Віктар Бабарыка заявіў адвод складу суду

абноўлена

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка заявіў у судзе, што яму не даюць рэалізаваць сваё права на абарону.

Падчас працэсу 23 сакавіка былому банкіру не далі выступіць з заявай, хоць такая магчымасьць прадугледжана законам, паведамляе Tut.by.

«Вы не даяце мне выказаць свае думкі па сутнасьці працэсу. Адпаведна, парушаеце маё права. У гэтай сытуацыі суд ня можа лічыцца неперадузятым», — сказаў ён.

Абарона Віктара Бабарыкі таксама падтрымала адвод.

«На сёньняшнім пасяджэньні мы назіраем сытуацыю, калі абвінавачаны ня мае магчымасьці рэалізаваць сваё права на зварот да суду зь пісьмовай заявай. А ягоныя абаронцы ня могуць заявіць хадайніцтва аб выкананьнi працэсуальных дзеяньняў», — адзначылі адвакаты.

Напярэдадні абарона заяўляла, што Віктару Бабарыку знарок не даюць магчымасьці даць паказаньні раней за іншых фігурантаў. Гэта дазволіла выказаць сумневы ў бесстароннасьці суду.

Дзяржаўны абвінаваўца хадайніцтва не падтрымаў, іншыя абвінавачаныя пакінулі рашэньне на меркаваньне суду. У выніку заяву адхілілі.

Абвінавачаньне прапанавала наступны парадак. Дапытаць усіх фігурантаў, у апошнюю чаргу — Віктара Бабарыку. Потым перайсьці да сьведак і нарэшце дасьледаваць пісьмовыя матэрыялы справы.

У сваю чаргу абаронцы экс-банкіра і ён сам лічаць, што неабходна пачаць допыт зь яго, паколькі менавіта ён абвінавачваецца ў «стварэньні арганізаванай злачыннай групы». Адвакаты іншых абвінавачаных падтрымалі той парадак, які прапанавала абарона Бабарыкі.

Суд хоча забараніць Бабарыку і адвакатам падаваць хадайніцтвы?

Пасьля таго як судзьдзя адхіліў хадайніцтва Бабарыкі, ён заявіў, што іншыя нават ня будзе разглядаць, піша «Белсат». Адвакат Дзьмітры Лаеўскі расцаніў такую заяву як перадузятасьць суду. Усе абвінавачаныя, апрача Бабарыкі, заявілі, што пакідаюць пытаньне адводу на меркаваньне суду.

Лаеўскі лічыць, што судзьдзя можа наогул забараніць Бабарыку і ягонай абароне хадайнічаць аб чым-кольвек як у пісьмовай, так і ў вуснай форме. Адвакат прызнаўся, што ўпершыню сутыкнуўся з такой зьявай у сваёй практыцы.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавачваюць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG