Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнік лідэр АГП Мікалай Казлоў. Верагодна, што яго затрымалі


Мікалай Казлоў. Архіўнае фота.

Пра гэта паведаміла прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна

Паводле Красулінай, Казлоў выходзіў з дому да сябра і напісаў таму ў 18.39, што калі яго ня будзе праз 15 хвілін, дык яго затрымалі. Да сябра ён не дайшоў і ад таго часу не выходзіў на сувязь.

На пачатку сакавіка ў адносінах да лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра Каардынацыйнай рады, падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова завялі крымінальную справу.

Як сказалі ў прэсавай службе АГП, палітыка абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 407 (наўмыснае разгалошваньне дадзеных дазнаньня, папярэдняга сьледзтва ці закрытага судовага пасяджэньня).

Санкцыя прадугледжвае ад штрафу да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Пра завядзеньне гэтай крымінальнай справы Мікалаю Казлову паведаміў ягоны адвакат. Справу завёў СК па Менскай вобласьці з ініцыятывы цэнтральнага апарату СК. Пра нейкую меру стрыманьня Казлову не паведамілі, са сьледчым ён ня бачыўся.

Мікалай Казлоў тады сказаў Свабодзе, што ягоная справа датычыць крымінальнага перасьледу сябраў Каардынацыйнай рады:

«Я ведаю, што наконт гэтага былі матэрыялы праверкі, але я перакананы, што ніякіх сакрэтных зьвестак я не разгалошваў. Апрача таго, што я казаў аб тым, што справа Каардынацыйнай рады сфабрыкаваная і людзі нявінна сядзяць.

Напэўна, Сьледчы камітэт мне помсьціць, што я не падпісаў у іх абавязаньне аб неразгалошваньні, але гэта маё права на абарону. Галоснасьць — гэта таксама форма абароны. Яны хочуць, каб мы пахаваліся, а яны рабілі свае брудныя рэчы. Прававое бязьмежжа ў Беларусі дасягнула неверагодных маштабаў».

Мікалай Казлоў пакінуў распараджэньні на выпадак, калі справа скончыцца пазбаўленьнем волі, паведаміла прэсавая служба АГП.

У Сьледчым камітэце падчас допытаў летась 30 сьнежня, а таксама 5 і 11 студзеня ў якасьці сьведкі ў межах крымінальнай справы па факце стварэньня Каардынацыйнай рады Мікалай Казлоў адмовіўся даць падпіску аб неразгалошваньні.

На трэцім допыце на яго склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП. 18 лютага суд Партызанскага раёну Менску пастанавіў арыштаваць лідэра АГП на 15 сутак і адпусьціў яго з залі суду. Абарона падала скаргу на рашэньне, і 2 сакавіка яго адмянілі — справу перадалі для разгляду іншаму судзьдзі.

Другі пратакол суд вярнуў у міліцыю на дапрацоўку, а заплянаваны яшчэ на 26 лютага суд перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Па факце трэцяй адмовы ад падпіскі аб неразгалошваньні Мікалай Казлоў павінен быў зьявіцца для дачы тлумачэньняў у Партызанскае РУУС Менску 1 сакавіка. Аднак адтуль яго адправілі ў ЦІП на Акрэсьціна. 4 сакавіка яго вызвалілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG