Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк змагаецца з інфляцыяй: камэрцыйныя банкі атрымалі грашовай масы ў 15 разоў меней, чым прасілі


Старшыня Нацбанку Беларусі Павал Калавур. Архіўнае фота.

Нацыянальны банк адкарэктаваў перадачу ліквіднасьці камэрцыйным банкам. Іншымі словамі, штучна абмежаваў грашовую масу.

На мінулым тыдні Нацбанк правёў аўкцыён, падчас якога банкам даваліся крэдытныя рэсурсы на 180 дзён. Для ўдзелу дапусьцілі 26 заявак, першапачатковы попыт складаў 3,7 млрд рублёў. Аднак Нацбанк задаволіў попыт толькі на 250 млн рублёў.

Як адзначае агенцтва БелаПАН, лютаўскі аўкцыён таксама завяршыўся незадавальненьнем большасьці заявак: замест чаканых 2,1 млрд рублёў банкі атрымалі на ўсіх суму ў 10 разоў меншую.

У сакавіку кіраўніцтва Нацбанку заявіла, што будзе абмяжоўваць грашовую прапанову для забесьпячэньня цэнавай стабільнасьці.

«У мэтах абмежаваньня інфляцыі праўленьнем прыняты шэраг рашэньняў, накіраваных на ўзмацненьне кантролю за прыростам шырокай грашовай масы, што зьяўляецца апэрацыйным арыентырам грашова-крэдытнай палітыкі», — падкрэсьлівалася ў заяве.

У ёй удакладнялася, што падтрымка ліквіднасьці «будзе ажыцьцяўляцца з дапамогай крэдытных аўкцыёнаў у форме конкурсу працэнтных ставак».

Раней улады агучвалі пляны забясьпечыць у 2021 годзе інфляцыю на ўзроўні, не вышэйшым за 5%. Аднак па выніках студзеня-лютага інфляцыя паскорылася да 8,7% у гадавым вымярэньні.

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю патлумачыла гэта ростам цэнаў на імпартныя прадукты і эфэктам ад адмены падатковых ільготаў для пастаўшчыкоў лекаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG