Пра гэта паведамляе Deutsche Welle, спасылаючыся на агенцтва dpa.
Паводле зьвестак паліцыі Брысталю, былі падпаленыя два службовыя аўтамабілі, некалькі паліцыянтаў былі параненыя, ня менш дваіх атрымалі пераломы.
«Непрымальнымі сцэнамі» назвала падзеі ў Брысталі міністарка ўнутраных спраў Вялікай Брытаніі Прыты Патэл. «Вандалізм і беспарадак з боку меншасьці ніколі ня будуць дапускацца», — напісала яна ў сваім Твітэры.
Падрыхтаваны ўрадам законапраект прадугледжвае значнае пашырэньне паўнамоцтваў для паліцыі. Сярод іншага паліцыя атрымае больш магчымасьцяў для абмежаваньня мірных дэманстрацый. Апазыцыя называе новы закон «крокам у бок аўтарытарызму».
Новы закон уключае і ўзмацненьне адказнасьці — да 10 гадоў пазбаўленьня волі — за пашкоджаньне помнікаў. Улетку 2020 году ў Брысталі ўдзельнікі антырасісцкіх пратэстаў скінулі ў ваду помнік прадпрымальніку і гандляру рабамі Эдварду Колстану.
Раней брытанская паліцыя апынулася пад агнём крытыкі з прычыны жорсткага разгону забароненай акцыі пратэсту пасьля забойства жанчыны ў Лёндане, якая, як мяркуецца, была забітая супрацоўнікам паліцыі. Паліцыя ўжыла сілу для разгону жанчын 13 сакавіка ў лёнданскім парку, спаслаўшыся на парушэньне імі антыкаранавірусных абмежаваньняў.