Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У М’янме мэдыкі выйшлі на пратэст супраць перавароту


Акцыі пратэсту ў М'янме

Мэдычныя работнікі зладзілі акцыі пратэсту ў цэнтры Мʼянмы 21 сакавіка пасьля чарговага разгону пратэстоўцаў, якія выступаюць супраць вайсковага перавароту ў краіне 1 лютага.

Сотні лекараў і мэдсёстраў, якія мелі на сабе каскі і трымалі плякаты з выявай арыштаванай вайскоўцамі лідэркі краіны Аўн Сан Су Чжы, прайшлі маршам праз Мандалай, другі паводле велічыні горад і культурную сталіцу Мʼянмы.

У Мандалаі сілы бясьпекі раней гвалтам разганялі пратэстоўцаў, таму, як паведамляюць мясцовыя СМІ, акцыя праводзілася на досьвітку, каб унікнуць сіл бясьпекі.

Пратэст адбыўся на наступны дзень пасьля таго, як мясцовая маніторынгавая група пацьвердзіла гібель па ўсёй краіне чатырох дэманстрантаў, якія загінулі ў выніку дзеяньняў сіл бясьпекі.

Паводле зьвестак Асацыяцыі дапамогі палітвязьням (AAPP), два чалавекі загінулі ў камэрцыйнай сталіцы Янгон.

Пратэстоўцы таксама правялі акцыі пратэсту пры сьвечках у горадзе Кале на поўначы краіны, заклікаючы ААН умяшацца, каб спыніць гвалт сілавікоў, якія ўжываюць супраць дэманстрантаў агнястрэльную зброю, сьлезацечны газ і гумовыя кулі.

За некалькі тыдняў пасьля дзяржаўнага перавароту было пацьверджана амаль 250 сьмяротных выпадкаў, паводле дадзеных AAPP, хаця фактычная колькасьць загінулых можа быць вышэйшай.

Арыштавана больш за 2300 чалавек, паведаміла AAPP.

Міжнароднае асуджэньне з боку Злучаных Штатаў, Эўрапейскага Зьвязу і ААН да гэтага часу не змагло спыніць праліцьцё крыві.

Чакаецца, што міністры замежных спраў ЭЗ ухваляць санкцыі супраць 11 членаў хунты на сустрэчы 22 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG