Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў сваімі магчымымі пераемнікамі Караніка і Караева


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пачаў прыглядацца да будучых кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Гэты фрагмэнт яго выступу апублікаваў тэлеграм-канал «Пул первого».

«Транзыт улады адзін — выбары. Народ выбраў, усё. Мае дзеці пасьля мяне ня будуць прэзыдэнтамі. Вось у мяне два чалавекі маіх тут, яны могуць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Прытым будуць моцнымі кандыдатамі. Адзін — генэрал (памочнік прэзыдэнта па Горадзенскай вобласьці Юрый Караеў), другі — губэрнатар (Горадзенскай вобласьці Ўладзімер Каранік). Маладыя, новае пакаленьне, разумныя. Ведаюць цану гэтай краіне», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ён ужо пачаў прыглядацца да патэнцыйных кандыдатаў. «Аказваецца, ёсьць у нас людзі годныя, тыя, што ведаюць краіну. Яны і будуць канкураваць», — заявіў ён.

Юрый Караеў зь ліпеня 2019 году займаў пасаду кіраўніка МУС, 29 кастрычніка 2020 году стаў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці. Караеў значыцца ў санкцыйных сьпісах Эўразьвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады.

Уладзімер Каранік займаў пасаду міністра аховы здароўя з чэрвеня 2019 па 22 жніўня 2020 году, затым быў прызначаны старшынём Горадзенскага аблвыканкаму. У дачыненьні да яго ў сувязі з падаўленьнем пратэстаў у Беларусі санкцыі ўвялі ЗША і Эўразьвяз.

На пачатку сакавіка Лукашэнка падчас нарады з прэм’ерам і сілавікамі сказаў, што ўсе яны могуць балятавацца ў прэзыдэнты. У нарадзе ўдзельнічалі прэмʼер Раман Галоўчанка, міністар абароны Віктар Хрэнін, дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч і начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Алег Воінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG