Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежную журналістку з Магілёва цягам сакавіка аштрафавалі 10 разоў — на $2900


Аліна Скрабунова. Архіўнае фота.

Аліну Скрабунову мясцовыя суды прызнавалі вінаватай у тым, што яна без акрэдытацыі рабіла матэрыялы для тэлеканалу «Белсат», чым парушыла заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Агульная сума сакавіцкіх штрафаў ёй складае 7540 рублёў.

Аліна Скрабунова ў сакавіку праходзіла абвінавачанай у дзесяці адміністрацыйных справах. Пастановы аб ейным пакараньні выносілі судзьдзі Максім Курпачэнка, Вольга Палуян, Алена Гуляшова, Жанна Пушкіна, Натальля Аўсеенка, Вольга Краўчанка.

Доказамі віны Скрабуновай сталі фота і відэаздымкі, якія апэратыўнікі знайшлі ў ейным кампутары пасьля ператрусу кватэры 5 лютага.

Большасьць сюжэтаў, апублікаваных на сайце тэлеканалу «Белсат», у вырабе якіх абвінавацілі Скрабунову, тычыліся судовых працэсаў у Магілёве, а таксама рэпартаж аб журналістцы Дар’і Чульцовай, асуджанай разам з Кацярынай Андрэевай за стрым у Менску.

Сама журналістка прысутнічала на працэсе 5 сакавіка. На астатніх яе не было. Паводле зьвестак, агучаных у судзе 18 сакавіка, яна знаходзіцца за мяжою.

Аліна Скрабунова перасьлед за сваю журналісцкую дзейнасьць лічыць палітычна матываваным і беспрэцэдэнтным. На яе думку, тыя, хто яго ажыцьцяўляе, «робіць кар’еру на лёгкай ахвяры». Паводле журналісткі, у матэрыялах справаў, зь якімі яна знаёмілася, шмат памылак, на якія суд не зьвяртае ўвагі.

«У іх ёсьць загад — значыць, будзе штраф. І даказваць сваю невінаватасьць бессэнсоўна», — камэнтуе сытуацыю Аліна Скрабунова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG