Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадара Расеі ў ЗША адклікалі ў Маскву пасьля інтэрвію Байдэна


Амбасадар Расеі ў Вашынгтоне Анатоль Антонаў
Амбасадар Расеі ў Вашынгтоне Анатоль Антонаў

Амбасадара Расеі ў Вашынгтоне Анатолія Антонава адклікалі ў Маскву на кансультацыі для аналізу расейска-амэрыканскіх адносін і палітыкі новага кіраўніцтва ЗША. Гэта адбылося пасьля інтэрвію прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, у якім той сьцьвярджальна адказаў на пытаньне, ці лічыць ён прэзыдэнта Пуціна забойцам.

Аб адклiканьнi гаворыцца ў распаўсюджаным камэнтары афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расеі Марыі Захаравай. Паводле яе, Расея зацікаўленая ў недапушчэньні «незваротнай дэградацыі» адносін з ЗША. «Для нас галоўнае — вызначыць, якімі могуць быць шляхі выпраўленьня расейска-амэрыканскіх сувязяў, якія знаходзяцца ў цяжкім стане, заведзеныя Вашынгтонам за апошнія гады, па сутнасьці, у тупік», — адзначаецца ў камэнтары.

Прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі заявіла 17 сакавіка, што Расея панясе адказнасьць за свае дзеяньні — пасьля дакладу амэрыканскай выведкі аб ўмяшаньні Масквы ў выбары ў ЗША.

Як падкрэсьліла Псакі, адміністрацыя прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна прытрымліваецца іншага падыходу да адносін з Расеяй, чым былы прэзыдэнт-рэспубліканец Дональд Трамп.

Байдэн, які ўзначальвае амэрыканскую адміністрацыю з 20 студзеня, сьцьвярджальна адказаў на пытаньне, ці лічыць ён расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна «забойцам», у інтэрвію журналісту ABC Джорджу Стэфанопулясу.

Гаворка пра Пуціна зайшла ў кантэксьце апублікаванага днём раней дакладу амэрыканскіх спэцслужбаў аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2020 году. Паводле Байдэна, ён папярэджваў Пуціна пра наступствы ў выпадку, калі расейскі сьлед пацьвердзіцца. Паводле наяўных зьвестак, Злучаныя Штаты ўжо на наступным тыдні могуць увесьці новыя санкцыі супраць Расеі як у сувязі з умяшаньнем, так і з прычыны нядаўніх хакерскіх нападаў.

Адначасова 17 сакавіка было абвешчана аб пашырэньні амэрыканскіх санкцый супраць Масквы — у сувязі з атручэньнем баявым хімічным рэчывам «Навічок» Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры і Аляксея Навальнага ў Томску. ЗША спыняюць дзеяньне наяўных выключэньняў з забароны на экспарт у Расею і рээкспарт тавараў і тэхналёгій, зьвязаных з нацыянальнай бясьпекай.

Расейскія ўлады заўсёды адмаўлялі дачыненьне да ўмяшаньня ў выбары ў іншых краінах і абвінавачаньні ў арганізацыі замахаў на Скрыпалёў і Навальнага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG