Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія павялічыць колькасьць ядзерных боегаловак. Упершыню з канца халоднай вайны


Брытанская ядзерная падводная лодка
Брытанская ядзерная падводная лодка

Брытанскі прэм’ер-міністар Борыс Джонсан афіцыйна прадставіў у Палаце грамадаў новую дактрыну зьнешняй і абароннай палітыкі краіны да 2030 году.

У дакумэнце пад назвай «Комплексны агляд бясьпекі, абароны, разьвіцьця і зьнешняй палітыкі» Расея названая найбольш вострай пагрозай бясьпецы ў эўраатлянтычным рэгіёне.

Для процідзеяньня Расеі і Кітаю ў дактрыне заяўлена аб пераглядзе плянаў па скарачэньні арсэналу ядзернай зброі ў бліжэйшыя гады. Яго цяпер плянуецца павялічыць на 40%, да 260 адзінак, перадае ВВС.

Павелічэньне колькасьці ядзерных ракетаў адбудзецца ўпершыню з канца халоднай вайны. Акрамя таго, мяркуецца, што Лёндан выдаткуе значныя сродкі на распрацоўку праграмы новых атамных падводных лодак клясы «дрэдноўт».

Вялікая Брытанія мае намер абараняцца ад усіх пагрозаў з боку Расеі, у тым ліку ва ўзаемадзеяньні з NATO. Таксама ў дакумэнце гаворыцца, што Лёндан зьбіраецца прыцягнуць Маскву да адказнасьці за парушэньне міжнародных правілаў і нормаў.

Раней газэта The Times адзначала, што прычынай такога падыходу да Расеі названая яе «гатоўнасьць учыняць забойствы сваіх супернікаў на тэрыторыі каралеўства і рэгулярныя парушэньні брытанскіх межаў расейскімі вайскоўцамі».

Масква заўсёды катэгарычна пярэчыла падобным абвінавачваньням, у прыватнасьці, ва ўжываньні баявога яду «Навічок» у Солсбэры супраць былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Фокус брытанскай зьнешняй палітыкі ссоўваецца на дзяржавы Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну, якія названыя ў дакумэнце «рухавіком сусьветнага разьвіцьця». Таксама гаворыцца пра намер Лёндана аддаваць больш увагі «сыстэматычным выклікам» з боку Кітаю. Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб падкрэсьліваў, што ў адносінах з КНР трэба разьвязаць «складаныя пытаньні», у тым ліку ў прамысловым сэктары і ў сфэры тэлекамунікацыяў.

Акрамя гэтага, дактрына вызначае амбітную мэту зрабіць Вялікую Брытанію «навукова-тэхнічнай звышдзяржавай» да канца дзесяцігодзьдзя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG