Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску закрылася культурная пляцоўка Moving Art Factory, якая была ў будынку «Гарызонту»


Ілюстрацыйнае фота

Скасаваны і фэст сучаснага мастацтва Moving Art Festival, грошы за квіткі вяртаюць. Прычыны нядопуску ў памяшканьне невядомыя.

Арганізатары фэсту сучаснага мастацтва Moving Art Festival паведамілі пра скасаваньне фэстывалю, а таксама пра поўнае закрыцьцё пляцоўкі Moving Art Factory. Паводле іх, ад 1 сакавіка ім абмежавала доступ да пляцоўкі ЗАТ «Гарызонт-Бізнэс-Дэвэлапмэнт», на тэрыторыі якога і была Moving Art Factory.

Дзейнасьць Moving Art Factory «спыняюць на нявызначаны тэрмін», а грошы за квіткі на фэст вяртаюць пасьля запаўненьня анкеты. Для вяртаньня асабістых рэчаў, якія ўтрымлівае «Гарызонт», прапануюць тэлефанаваць і пісаць звароты ў «Гарызонт-Бізнэс-Дэвэлапмэнт».

Прычыны абмежаваньня доступу на пляцоўку на сайце кампаніі не называюць, інфармацыі пра гэта няма. Аднак Moving Art Factory сьцьвярджае ў Instagram, што за паўтара месяца яны зазналі ад дырэктаркі «Гарызонт-Бізнэс-Дэвэлапмэнт» шантаж, псыхалягічны і фінансавы ціск, абразы і вымагальніцтва, умяшаньне ў праграму і сцэнар фэстывалю, прымус да закладу асабістай маёмасьці, здабываньне асабовых зьвестак супрацоўнікаў і ўдзельнікаў фэсту праз шантаж і маніпуляцыі.

Moving Art Factory адкрылася на тэрыторыі заводу «Гарызонт» у 2018 годзе, заняла месца колішняй прасторы «Верх». У стартап інвэставаў бэльгійскі бізнэсовец Эт’ен Ват’е. Там ладзілі выставы, майстар-клясы і арт-вечарыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG