Раніцай 15 красавіка на ўваходзе ў рэдакцыю «Новой газеты» ў Маскве невядомы пакінуў рэчыва з рэзкімі хімічным пахам. Позна ўвечары ў той жа дзень зьявілася відэа, на якім відаць, як чалавек на ровары ў форме курʼера нешта распыляе, пасьля чаго зьяжджае.
Экстраныя службы не зафіксавалі павышанай колькасьці шкодных рэчываў у паветры, напісала РИА «Новости».
Аднак галоўны рэдактар Дзьмітры Муратаў адправіў супрацоўнікаў дахаты і параіў не ўваходзіць у абутку ў дом, паведаміў «Голос Америки».
«Злачынцы падставілі пад небясьпеку сотні людзей, яны вылілі ядавітую вадкасьць проста на ганку, проста перад уваходам у наш офіс; такім чынам, людзі, якія праходзілі ўсярэдзіну, наступалі на гэтую ядавітую вадкасьць і на сваіх падэшвах чаравікаў і ботаў разносілі гэта па паверхах. Гэта даволі прадуманая дывэрсія», — сказаў Муратаў.
Ён лічыць гэта помстай за крымінальную справу супраць «садыстаў і катаў» прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».
«Мы распаўсюдзілі відэа, дзе яны свайго палоннага забіваюць кувалдай, пакідаючы ад жывога чалавека проста мокрае месца. Брат гэтага забітага сырыйскага грамадзяніна падрыхтаваў пазовы ва ўсе судовыя інстанцыі пра тое, што ягоны брат не тэрарыст і ня мае дачыненьня да забароненай у Расеі арганізацыі „ІД“, ён проста стаў ахвярай. Карнікі яго забілі. Мяркую, так яно і ёсьць, але даказваць гэта павінна сьледзтва. Гэта мой пункт погляду».