Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кобрынца, які зьвяртаўся да Лукашэнкі, зьмясьцілі ў ЛТП


Віталь Жук і ягоная сям'я
Віталь Жук і ягоная сям'я

36-гадовага Віталя Жука з Кобрыні, які разьмясьціў на сваёй старонцы «ЎКантакце» зварот да Аляксандра Лукашэнкі супраць гвалту, зьмясьцілі ў ЛТП № 5. На яго таксама завялі справу паводле ч. 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу (публічная зьнявага прэзыдэнта).

Пра гэта расказала яго жонка Маргарыта.

Як Віталь Жук трапіў у ЛТП?

У ЛТП (установу, дзе маюць прымусова лячыць ад алькагалізму і наркаманіі) Віталя зьмясьцілі 8 лютага сёлета згодна з рашэньнем Кобрынскага суду ад 2019 году.

Віталя затрымалі ў Менску, дзе ён працаваў на фірме і жыў у сябра, у ноч з 6 на 7 лютага, потым прывезьлі ў Кобрынь.

«Мне нават не дазволілі перадаць яму перадачу з самым неабходным. А калі я адправіла яму пасылку і ліст у ЛТП, то яны не адразу аддалі іх», — кажа жонка.

Ці былі ў Віталя праблемы з алькаголем, ці сапраўды яму патрэбнае было лячэньне ў ЛТП?

«Не, ён паўтара года ня п’е зусім, ні піва, ні слабаалькагольнага, ніякага. Ён там больш не таму, што піў, а ў яго быў канфлікт з намесьнікам начальніка РАУС. У яго знаёмы тут, які мае начныя клюбы, ён зь ім выпіў недзе яшчэ ў 2018 годзе. І не пасьпеў выйсьці, як яго затрымалі, а напісалі, што яго затрымалі на іншай вуліцы і ён быў неахайна апрануты. Але былі доказы таго, што яго затрымалі каля начнога клюбу і ён быў у адэкватным стане. Пасьля гэтага пачаўся канфлікт, і яго стараліся недзе вылавіць, калі ён выйшаў з крамы ці дома, і складалі на яго адміністрацыйныя пратаколы. Потым суд, і яму прысудзілі ЛТП у 2019 годзе. Забралі толькі цяпер», — кажа Маргарыта.

Тры ператрусы

Паводле Маргарыты, перасьлед мужа пачаўся з прычыны ягонага паста ў сацсетцы, які ён напісаў пасьля падзей 9–10 жніўня.

«Ён прыехаў дадому і быў вельмі эмацыйна ўзрушаны. Ён выклаў свой пост пасьля таго, як людзей закідвалі дымавымі шашкамі, вылоўлівалі па горадзе. Спачатку да нас прыехалі трое ў цывільным, потым машына стаяла каля дома, пад кватэрай затрымалі суседа, за мной сачылі», — кажа Маргарыта.

У іх доме ў вёсцы Імянін Кобрынскага раёну і на кватэры ў Кобрыні зрабілі тры ператрусы.

«Прыяжджалі па некалькі машын, калі мы жылі ў вёсцы, пачалі яго лавіць, — кажа яна. — Ператрусы праводзілі пад рознымі нагодамі, а насамрэч шукалі мужа. У нас у парку ў жніўні размалявалі камень у бел-чырвона-белы колер. Па гэтай справе таксама праводзілі вобшук ня толькі ў нас, але і ў іншых актывістаў у Кобрыні».

Пост і старонку выдалілі

У пастанове на агляд жыльля ад 5 кастрычніка, які праводзілі супрацоўнікі аддзелу крымінальнага вышуку ў доме ў вёсцы, гаворыцца, што Віталь Жук «публічна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „ЎКантакце“ разьмяшчае інфармацыю, якая кампрамэтуе дзейнага прэзыдэнта РБ».

Пасьля гэтага ператрусу ў Маргарыты забралі тэлефон. Віталь на той час знаходзіўся ў Менску. Маргарыта кажа, што пост і старонку Віталя выдалілі з сацсеткі.

«Але скрын гэтага паста ў іх ёсьць, і нібыта, як мне сказаў сьледчы, наводку на яго дала служба ўласнай бясьпекі. Яны правялі лінгвістычную экспэртызу, і яна нібыта пацьвярджае, што была зьнявага. Але пакуль справа прыпыненая. То бок яго максымальна хочуць патрымаць у ЛТП, а потым яшчэ па гэтым артыкуле. Бо ён шмат выказваўся ў тэлеграм-канале „Кобрин для жизни“, што міліцыя няправільна сябе паводзіць», — кажа Маргарыта.

Яна расказвае, што ўвосень Віталю Жуку прысудзілі штраф у 15 базавых паводле артыкулу 23.34, затрымалі дома пры дзецях, надзелі кайданкі, і двое сутак ён правёў у ізалятары.

У сям’і чацьвёра малых дзяцей

Маргарыта кажа, што ў яе на руках засталіся чацьвёра дзяцей. Яна ў дэкрэтным водпуску.

«Малодшай год, другой дзяўчынцы чатыры гады, хлопчыку шэсьць, і старэйшай споўнілася ў студзені дзевяць, — кажа Маргарыта. — Я на гэта зьвяртала ўвагу кіраўніцтва ЛТП. Плюс яшчэ па стане здароўя нельга там мужа трымаць. Але нікога нічога не хвалюе. Яго яшчэ паставілі ў ЛТП на ўлік як „экстрэміста, схільнага да дэструктыўных дзеяньняў“. Ён кожныя дзьве гадзіны ходзіць адзначаецца. Там яшчэ адзін, як ён піша, зьявіўся палітычны».

Цяпер Віталь на карантыне, сувязі зь ім пакуль Маргарыта ня мае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG