Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рашучы, рыхтуецца да суду». Горадзенскі рок-музыка працягвае галадаць на сухую 13-ы дзень


Суд над Ігарам Банцэрам. Горадня, 12 сакавіка.

Рок-музыка Ігар Банцэр працягвае адмаўляцца ад ежы і вады ў горадзенскім СІЗА. Апошняя інфармацыя ад зьняволенага па стане на 15 сакавіка.

Вядома, што на трынаццаты дзень галадоўкі Ігар Банцэр не зьмяніў свайго рашэньня. Ён настроены рашуча і працягвае рыхтавацца да суду. Прымусова яго ня кормяць.

Лекары кажуць, што ўжо на першым тыдні адмовы ад вады могуць наступіць незваротныя зьмены ў арганізьме або сьмерць.

На апошнім судовым паседжаньні па ягонай справе 12 сакавіка Банцэр прасіў у суду зьмяніць яму меру стрыманьня і выпусьціць з-пад варты, бо «ён выправіўся». Аднак судзьдзя Натальля Козел не задаволіла ягонага хадайніцтва, каб ён «не схаваўся ад перасьледу».

«Да панядзелка я дацягну, а далей ня ведаю», — адказаў на гэта музыкант.
Наступнае паседжаньне па ягонай справе прызначылі на 14:30 18 сакавіка. Гэта будзе 16-ы дзень галадоўкі, калі Банцэр ня спыніцца.

Ён абвясьціў «сухую» галадоўку на пачатку свайго суду, 3 сакавіка. Прычынамі назваў тое, што ягоная справа мае палітычныя матывы, а таксама незадаволенасьць палітычнымі падзеямі ў Беларусі. Патрабаваньняў для спыненьня галадоўкі ня выставіў.

Што варта ведаць па справе Банцэра

Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка.

Пацярпелы міліцыянт ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
Банцэру пагражае да трох гадоў калёніі. Ён пад вартай з 20 кастрычніка мінулага году.

Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.
Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў па адміністрацыйных справах 18 сутак.

За 4,5 месяца зьняволеньня Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камэры і некалькі разоў у карцары. Таксама яго высылалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі пад Менскам. Экспэртыза паказала, што ён здаровы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG