Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я буду жыць у сваіх дзецях». Што піша ў лістах музыка, які 10-ы дзень трымае сухую галадоўку


Ігар Банцэр, кастрычнік 2020
Ігар Банцэр, кастрычнік 2020

Горадзенскі рок-музыкант Ігар Банцэр ня есьць і ня п’е ў СІЗА дзясяты дзень у знак пратэсту супраць сваёй крымінальнай справы і палітычных падзеяў у краіне. Людзі, якія зь ім лістуюцца, падзяліліся тым, што Ігар пісаў з-за кратаў.

За 4,5 месяца зьняволеньня Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камэры і некалькі разоў у карцары; таксама яго высылалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі, якая паказала, што ён здаровы.

«Мне заўсёды не хапала 28 гадзін у сутках»

Графічная дызайнэрка зь Менску Кацярына Талочка шмат піша зьняволеным. З Банцэрам яна ліставалася яшчэ да суду і атрымала ад яго некалькі лістоў. Вось ягоныя цытаты.

«Як на волі я быў вечным аўтсайдэрам (ён жа „андэрдог“, ня блытаць з „лузэрам“) і мне заўсёды не хапала 28 гадзін у сутках, так і ў турме, Каця, я крытычна не пасьпяваю! Усю суботу/нядзелю адказваю нон-стопам, не адцягваючы ўвагу ні на што іншае — і ўсё адно твой ліст будзе 12-м, а мне яшчэ на 11 трэба неяк адказаць! А-а-а-а-а-а-а-а-а-а-а-а!»

«На калідоры душэўнае радыё з 6:00 да 22:00 сем дзён на тыдзень іграе! Бяз жартаў, вельмі добры падбор олдскульнай папсы, эўрадэнсу 90-х — нулявых і часам рокешныя песьні праскокваюць („Мумій Троль“ за Найкам Барзовым ды „Бі-2“). Дык кайфую ад добрай музыкі, цудоўнай кампаніі (сябе самога любімага), выдатных думак і цудоўнага настрою».

«Наконт майго пачуцьця гумару — гэта так, яно ў мяне выдатнае і настолькі абсурднае, што, як бачыш, да псыхаў у Навінкі Новы год сустракаць мяне празь яго адпраўляюць. А я ўсяго ж фанат лятаючага цырку „Монці Пайтан“. Так што адчуваю сябе ў турме цудоўна». (23 студзеня 2021 году).

«Ультрагуманізм або сьмерць»

Краязнаўца зь Берасьця Ігар Бараноўскі, які летась сам адседзеў «суткі», атрымаў ліст ад Банцэра, напісаны 3 сакавіка, у першы дзень ягонай галадоўкі.

«Безумоўна, усе людзі розныя. Нават аднаяйцавыя блізьняты адрозьніваюцца між сабой. Адзінае, што ўсіх нас яднае, — факт, што ўсе мы ёсьць жывымі істотамі: з пачуцьцямі, думкамі, марамі, памкненьнямі і г.д. Прыемна ведаць, што людзей добрай волі (такіх розных) у нашай краіне дастаткова».

Сваё пасланьне Банцэр скончыў словамі: «Ультрагуманізм або сьмерць».

На многіх канвэртах Банцэр піша «Заўжды на яркім баку жыцьця», а таксама «Зорка № 1».

«Я максымальна адэкватны»

Псыхоляг Мікалай Куляшэвіч з Горадні ведаў Банцэра асабіста да таго, як музыканта ўзялі пад варту.

«Я ў сваім бязглуздым ультрагуманізьме максымальна адэкватны. Як там было ў адной з апошніх размоваў нашых — кожны мусіць быць на сваім месцы» (паштовы штамп ад 17 лістапада 2020 году).

«Я буду жыць, як ты і прасіў, — у сваіх дзецях (Кастусі, Караліне, Міраславу), а таксама ў сваёй творчасьці. Мне, Коля, гэтага больш чым дастаткова, я ж не фанабэрысты, ты ведаеш» (паштовы штамп ад 4 сакавіка 2021 году).

«Пакуль ты на нешта здольны, шкадуй каго-небудзь яшчэ»

Маці Ігара Тамара Мікалаеўна атрымала ад сына тры лісты за ўвесь час зьняволеньня. Часта ліставаньне яму абмяжоўвалі, лістоў не перадавалі. Усім сваякам, у тым ліку сваім дзецям, Ігар піша асобныя лісты.

«Гэта не выпрабаваньне. Выпрабаваньне — гэта падняцца на Эвэрэст на інвалідным вазку або нырнуць з аквалянгам бяз ног. Пакуль ёсьць рукі, ногі, пакуль на плячах галава, пакуль ты свабодны, значыць, у цябе ёсьць усё. Пакуль ты на нешта здольны, шкадуй каго-небудзь яшчэ», — пісаў Ігар маці.

Што варта ведаць аб справе

Ігара Банцэра судзяць за тое, што нібыта дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як п’яную выхадку, а ня як крымінальнае злачынства.

Банцэру пагражае да трох гадоў калёніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага году. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.

Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў у адміністрацыйных справах 18 сутак. З 3 сакавіка ён трымае сухую галадоўку.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG