Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальная ўлада ў генсака УНС, а прэзыдэнт — вясельны генэрал? Якую новую Канстытуцыю рыхтуюць улады для беларусаў


Усебеларускі народны сход, 11 лютага 2021

Якую новую Канстытуцыю рыхтуюць улады для беларусаў? Уцямнага адказу на гэта пытаньне цягам апошніх двух гадоў, калі гэтая тэма прысутнічае ў палітычным парадку дня, ніхто не даваў. Але вось на мінулым тыдні старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч (асоба, непасрэдна датычная да распрацоўкі праекту) назваў галоўныя тэзы будучай рэформы. Пункт нумар адзін: «Азначэньне ў Канстытуцыі статусу Усебеларускага народнага сходу (УНС) як найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладзьдзя».

Ці не зьвядзецца ўся анансаваная канстытуцыйная рэформа галоўным чынам менавіта да гэтага? А чаму б і не? Тым больш што наўрад ці выпадкова старшыня КС пачаў пералік прыярытэтных мэтаў менавіта з гэтай.

Канстытуцыя палітычных ілюзій і дэкарацый

Як цьвёрда ведаў кожны савецкі грамадзянін, паміж правам, замацаваным у Канстытуцыі СССР, і савецкай рэальнасьцю — вялізная бездань. На паперы гарантавана права на свабоду перакананьняў і на свабоднае іх выказваньне — але паспрабуй выказацца супраць савецкага ладу і камуністычнай сістэмы: цэнзура была татальнай. У Канстытуцыі — права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, але любы «мірны сход», ня ўхвалены ўладамі, канчаўся турмой. На паперы свабода думкі, сумленьня і рэлігіі, у рэальнасьці — узарваныя цэрквы, расстраляныя сьвятары і ваяўнічая прапаганда атэізму.

Што ўжо казаць пра свабоду «выбараў», на якіх мог быць толькі адзін ухвалены партыйным камітэтам кандыдат, за якога нязьменна налічвалі 99 працэнтаў галасоў. І ў выніку атрымлівалі «парлямэнт», у якім ніхто не галасаваў супраць і ўсе аднагалосна падтрымлівалі любую ініцыятыву партыі.

Савецкія грамадзяне жылі ў сьвеце палітычных бутафорый, ілюзій і дэкарацый, дзе назвы ўсіх дэмакратычных працэдур і інстытуцый па змоўчваньні трэба было браць у двукосьсі і дабаўляць азначэньне «савецкі»: «савецкія выбары», «савецкія правы», «савецкая законнасьць».

А прэзыдэнт — для цырымоній

Але быў у савецкай канстытуцыі артыкул нумар шэсьць, які дзейнічаў бездакорна і без усялякіх двукосьсяў. І ў якім, уласна, і ўтрымлівалася ўся сутнасьць «народаўладзьдзя» ў СССР: усе іншыя артыкулы былі на гэтым тле другараднымі і неістотнымі. Артыкул гэты — пра палітычнае панаваньне КПСС.

Калі старшыня Канстытуцыйнага суду гаворыць пра зьяўленьне «найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладзьдзя» ў асобе УНС, то чаму б не замацаваць гэты статус фармулёўкай, апрабаванай камуністычнай тэорыяй і практыкай?

Тады б і прыдумляць нічога не давялося. Артыкул, калі скапіяваць яго з брэжнеўскай канстытуцыі, гучаў бы прыблізна так:

«Найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладзьдзя, кіроўнай і накіравальнай сілай беларускага грамадзтва, ядром яго палітычнай сыстэмы, дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый зьяўляецца Усебеларускі народны сход (УНС). Ён вызначае генэральную пэрспэктыву разьвіцьця грамадзтва, лінію ўнутранай і вонкавай палітыкі, кіруе вялікай стваральнай дзейнасьцю беларускага народу».

Якімі будуць месца і роля той асобы, якая ўзначаліць гэты «найвышэйшы прадстаўнічы орган»? Ну прыблізна тымі ж, як у генэральнага сакратара ЦК КПСС у Савецкім Саюзе. Фактычна — поўная і непадзельная ўлада ў дзяржаве. І без усялякіх усенародных выбараў: толькі шляхам аднадушнага галасаваньня нікім не выбіраных дэлегатаў УНС. Зразумела, пасада пажыцьцёвая, без усялякіх абмежаваньняў.

А што ж пасада прэзыдэнта? Фармальна яна можа і застацца — будзе прэзыдэнт гэткім вясельным генэралам. Няхай неабазнаны абываталь цешыцца, што яе зойме хтосьці іншы. У Савецкім Саюзе, напрыклад, фармальным кіраўніком дзяржавы лічыўся старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Падпісваў указы аб узнагароджаньні ордэнамі і мэдалямі, прымаў даверчыя лісты ад замежных амбасадараў, засядаў у розных ганаровых прэзыдыюмах... Ніхто рэальным лідэрам дзяржавы яго не лічыў.

Можа, некаторыя забылі: у СССР пры Сталіне кіраўніком савецкай дзяржавы фармальна лічыўся Міхаіл Калінін. Сталін гэтага «кіраўніка дзяржавы» называў крыўднымі мянушкамі, нярэдка прыніжаў і насьміхаўся. А каб той назаўсёды запомніў уласнае месца, — кінуў жонку Калініна на 15 гадоў у лягеры за «антысавецкую дзейнасьць» і «сувязь з трацкістамі». (Кацярыну Калініну, маці чацьвярых дзяцей «усесаюзнага старасты», вызвалілі пасьля многіх прыніжальных просьбаў і пакаянных лістоў толькі ў чэрвені 1945-га, за год да сьмерці мужа).

Наперад, у савецкае мінулае!

Гучыць такі сцэнар абяцанай уладамі канстытуцыйнай рэформы пакуль што, можа, і абсурдна. Але ня менш абсурдна, чым выглядае сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць, калі пад лёзунгамі «народнага адзінства» кідаюць у турмы, выціскаюць з краіны, пазбаўляюць працы, выганяюць з унівэрсытэтаў тысячы і тысячы тых, хто паспрабаваў мірным чынам адстойваць сваё канстытуцыйнае права на сумленныя выбары і на ўласную думку.

Тое, што на гэтым тле рэжым раптам распачне рэальную палітычную рэформу, якая б была накіравана на будучую дэмакратызацыю, на адыход ад жорсткай аўтарытарнай сыстэмы, на паступовы транзыт улады — выглядае чымсьці неверагодным.

Бо тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі — гэта імклівы рух назад, да савецкай сыстэмы. Добра знаёмай для сёньняшняга кіраўніка па гадах ягонай маладосьці. Камфортнай для незьмяняльнай улады, дзе не было і не магло быць пратэстаў і іншадумства, дзе на любы заклік улады у грамадзтва мог быць толькі адзін адказ: «Горача ўхваляем і аднадушна падтрымліваем». Дзе правадыр калі і пакідаў свой пост, то толькі на катафалку і пад гукі жалобнага маршу.

Зусім магчыма, што 15 сакавіка сёлета — апошні раз, калі ў Беларусі адзначаюць Дзень Канстытуцыі менавіта ў гэты дзень. Праз год у краіне, як абяцаюць улады, будзе новая Канстытуцыя, а значыць, імаверна, і новая дата яе адзначэньня. У хуткім часе, хутчэй за ўсё, зьявіцца праект і пачнецца «ўсенароднае абмеркаваньне».

«Усенароднае абмеркаваньне» па-савецку

Як гэта можа адбывацца, асабіста я добра памятаю.

У 1977 годзе, паводле афіцыйных зьвестак, у ходзе «ўсенароднага абмеркаваньня» новай савецкай Канстытуцыі адбылося паўтара мільёна сходаў, у якіх узялі ўдзел 140 мільёнаў чалавек (80% дарослага насельніцтва СССР). Паступіла 400 тысяч паправак і прапаноў. Прапаноўвалася, сярод іншага, устанавіць усім аднолькавыя пэнсіі і абавязаць усіх грамадзян выпускаць прадукцыю толькі высокай якасьці... Ледзь ня самым спрэчным зьявілася пытаньне: як больш дакладна называць Саветы — Саветамі дэпутатаў працоўных ці Саветамі народных дэпутатаў. Нейкіх больш значных спрэчак не здаралася...

Публічна патрабаваць рэальных дэмакратычных свабод ці справядлівых выбараў, наколькі вядома, ніхто са 140 мільёнаў чалавек не спрабаваў.

Падчас прыняцьця новай Канстытуцыі дэпутаты на адмысловай сэсіі Вярхоўнага Савета СССР у кастрычніку 1977 года дружна называлі яе «сымфоніяй розуму і шчасьця» і «самай запаветнай, самай галоўнай кнігай, якую прагне чытаць кожны чытач». Імя Леаніда Брэжнева згадвалася ў кожным выступе ў сярэднім шэсьць разоў. Яго называлі «натхняльнікам і стваральнікам канстытуцыі, якая ад першага да апошняга радка прасякнутая ягонымі думкамі і пажаданьнямі, па-ленінску глыбокімі і яснымі, даступнымі разуменьню кожнага чалавека». Але ўсіх апярэдзіў у гэтай справе першы сакратар ЦК кампартыі Латвіі Аўгуст Вос: ён здолеў згадаць імя Леаніда Ільіча 12 разоў на працягу 3-хвіліннага выступу.

7 кастрычніка 1977 году нас, школьнікаў, зьнялі з аднаго з урокаў і на ўрачыстай лінейцы на працягу 45 хвілін тлумачылі, якая вялікая падзея адбылася ў краіне. «Вялікай падзеяй», зрэшты, былі задаволены далёка ня ўсе, бо выходны дзень 5 сьнежня, які да 1977 году сьвяткаваўся як Дзень Канстытуцыі, у гэты год адмянілі.

Калі савецкая традыцыя цалкам адновіцца, то зусім лягічна, што дзень новай лукашэнкаўскай Канстытуцыі можа стаць непрацоўным. Як дзень сталінскай канстытуцыі 5 сьнежня і брэжнеўскай — 7 кастрычніка. І будзе адзначацца з фаервэркамі, парадам і хакеем.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG