Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар здароўя Славаччыны падаў у адстаўку з прычыны закупкі расейскай вакцыны супраць каранавірусу


Прэм'ер-міністар Славаччыны Ігар Матавіч (справа) і міністар здароўя Марэк Крайчы ў аэрапорце ў Кошыцэ даюць прэсавую канфэрэнцыю аб прыбыцьці партыі расейскай вакцыны супраць каранавірусу, 1 сакавіка 2021

Міністар здароўя Славаччыны Марэк Крайчы абвясьціў пра рашэньне падаць у адстаўку для пераадоленьня палітычнага крызісу, выкліканага закупкамі расейскай вакцыны супраць каранавірусу.

«Дзьве партыі, якія ўваходзяць ува ўрадавую кааліцыю, зрабілі маю адстаўку ўмовай, пры якой яны застануцца ва ўрадзе. У падобнай сытуацыі сэнсу спрачацца няма, я за сваё крэсла не трымаюся», — сказаў Крайчы.

Як паведамлялася раней, прэм’ер-міністар Славаччыны Ігар Матавіч выклікаў незадаволенасьць шэрагу партнэраў па ўрадавай кааліцыі (усяго ў ёй чатыры палітычныя сілы), калі ў канцы мінулага месяца бязь іхнага ведама дамовіўся аб пастаўках расейскай вакцыны «Спутник V». Адна з кааліцыйных партый прыстрашыла выхадам з кааліцыі, другая запатрабавала зьменаў у складзе ўраду. Прэмʼер-міністра таксама скрытыкавалі прэзыдэнтка Зузана Чапутава і кіраўнік МЗС Іван Карчок.

Крытыкі Матавіча лічаць, што Браціславе спачатку варта дачакацца дазволу на выкарыстаньне «Спутник V» кіраўніцтвам Эўразьвязу.

Камэнтуючы сытуацыю зь міністрам здароўя Крайчы, прэмʼер Матавіч сказаў, што яго адстаўка будзе паступовай і зойме некалькі тыдняў. Ён выказаў шкадаваньне, што міністру давялося сысьці, бо «яго зрабілі мішэньню тыя, хто процідзейнічаў яму на кожным кроку».

«Крайчы быў побач са мной у пошуках адказу на пытаньне, як абараніць здароўе і жыцьці людзей. На жаль, тыя, хто чыніў яму перашкоды, цяпер зрабілі яго сваёй цэльлю», — сказаў кіраўнік ураду.

Славаччына разам з шэрагам іншых краінаў Цэнтральнай Эўропы сутыкнулася з пагаршэньнем эпідэмічнай сытуацыі з каранавірусам і спрабуе самастойна справіцца з прамаруджваньнем у пастаўках вакцын, якое ўзьнікла ў ЭЗ. Краіна сьледам за Вугоршчынай ухваліла расейскую вакцыну, не чакаючы рашэньня Эўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў (EMA). На гэты момант Славаччына атрымала 200 тысяч дозаў расейскага прэпарату. Днямі прэмʼер Славаччыны Матавіч заклікаў EMA паскорыць працэдуру ўхваленьня прэпаратаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG