Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцу прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» за ўлёткі. Камандзіру АМАП і яшчэ 4 сілавікам — па 1000 рублёў «кампэнсацыі маральнай шкоды»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У судзе Маскоўскага раёну Берасьця абвясьцілі вырак Уладзіславу Яршову ў справе аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ) за «ўлёткі з крытыкай міліцыі».

Як перадае берасьцейскае аддзяленьне Праваабарончага цэнтру «Вясна», судзьдзя Яўген Брэган прызнаў Уладзіслава Яршова вінаватым і прысудзіў два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»), а таксама па 1000 рублёў кампэнсацыі кожнаму зь пяці «пацярпелых» міліцыянтаў (у тым ліку камандзіру берасьцейскага АМАП Максіму Міховічу, які значыцца ў санкцыйным сьпісе Эўразьвязу).

Ва ўлётках, якія Яршоў разьлепліваў у верасьні 2020 году, былі фота міліцыянтаў і тэксты, якія, паводле абвінавачаньня, «супярэчылі агульначалавечай маралі» і былі «выражаныя ў непрыстойнай форме». Таксама ва ўлётках згадвалася, што міліцыянты ўдзельнічалі ў разгонах акцыяў пратэсту.

Той жа судзьдзя два месяцы таму вынес падобны прысуд 28-гадоваму Максіму Сьмірнову — два гады «хатняй хіміі» за рэпост у Telegram са зьвесткамі пра Міховіча, якія палічылі «паклёпам».

XS
SM
MD
LG