Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cайты Крамля і сілавых ведамстваў РФ перасталі адчыняцца. Што адбываецца?


 Уладзімір Пуцін і кіраўніца міжнароднага агенцтва «Россия сегодня» і тэлеканалу RT Маргарыта Сіманьян
Уладзімір Пуцін і кіраўніца міжнароднага агенцтва «Россия сегодня» і тэлеканалу RT Маргарыта Сіманьян

Сайты Крамля, ураду Расеі, «Роскомнадзора», Сьледчага камітэту, Дзяржаўнай Думы і шэрагу іншых органаў улады РФ перасталі днём у сераду адчыняцца

Пра гэта паведамлялі карыстальнікі інтэрнэту як з Расеі, так і з-за яе межаў.

Карыстальнікі сэрвісу Downdetector, які адсочвае падзеньне сайтаў, паведамляюць аб збоях у працы аднаго з найбуйнейшых расейскіх правайдэраў — «Ростелекома». У кампаніі растлумачылі гэта праблемамі з абсталяваньнем. Пры гэтым у «Ростелекоме» заявілі, што праблемы не зьвязаныя з рашэньнем «Роскомнадзора» запаволіць працу сацыяльнай сеткі Twitter.

Раніцай у сераду «Роскомнадзор» заявіў, што запавольвае працу сеткі Twitter у Расеі, упершыню ўжыўшы так званы «закон аб сувэрэнным Рунэце». «Тэхнічныя магчымасьці для тармажэньня працы Twitter ёсьць. Запаволеньне яго працы ўжо пачалося», — заявіў намесьнік кіраўніка ведамства Вадзім Субоцін.

Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў у адказ на пытаньні радыёстанцыі «Коммерсант-FM» заявіў, што ў яго сайты адчыняюцца. Ён сказаў, што пакуль ня можа пракамэнтаваць здарэньне.

Напярэдадні ён расказаў журналістам, што ў Крамлі занепакоеныя публікацыяй у газэце The New York Times, у якой сьцьвярджалася, што Вашынгтон можа рыхтаваць кібэратакі на расейскія сэрвісы.

У публікацыі сьцьвярджалася, што на працягу бліжэйшых тыдняў амэрыканскія ўлады нанясуць удар па інфраструктуры ў Маскве, ад якой пацярпяць толькі расейскія ўлады.

Такім чынам, сьцьвярджала выданьне, ЗША падрыхтуюць адказ на найбуйнейшую ў гісторыі краіны атаку на амэрыканскія ведамствы, якая была ўчыненая ў канцы мінулага году. У ёй Белы дом падазрае расейскія ўлады, Масква гэта адмаўляе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG