Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы журналіст RT у Нямеччыне: «Мне даручалі „шпіёніць“ за Навальным»


Навальны і яго жонка Юлія на балконе клінікі Шарытэ
Навальны і яго жонка Юлія на балконе клінікі Шарытэ

Нямецкі журналіст, аўтар дакумэнтальных фільмаў Даніэль Ланге, які нядаўна спыніў супрацоўніцтва з расейскім тэлеканалам RT, заявіў у інтэрвію газэце Bild, што кіраўніцтва нямецкага падразьдзяленьня RT у жніўні летась даручала яму «шпіёніць» за Аляксеем Навальным і яго паплечнікамі.

Навальны тады лячыўся ў бэрлінскай клініцы пасьля атручэньня.

8 сакавіка выйшла ў сьвет кніга Ланге, у якой апісваецца «закулісьсе» дзейнасьці RT у Нямеччыне (RT DE). Розныя нямецкія палітыкі і журналісты апісваюць гэтую дзейнасьць як прапаганду на замову расейскіх уладаў. Ланге ідзе яшчэ далей і ў інтэрвію Bild фактычна сьцвярджае, што начальства RT DE даручала яму сачыць за Навальным на замову расейскіх спэцслужбаў.

Па словах журналіста, ён быў запрошаны ў сакрэтны чат, дзе перад ім паставілі задачу сачыць за клінікай «Шарытэ», дзе знаходзіўся Навальны, але пры гэтым не здымаць рэпартажу, а проста пастаўляць інфармацыю «ў аналітычных мэтах». Пасьля журналіста папрасілі зрабіць фатаздымкі шпіталя Бундэсвэру, дзе, як сьцвярджала кіраўніцтва RT DE, мог насамрэч знаходзіцца Навальны.

Потым Ланге папрасілі пранікнуць у клініку «Шарытэ» на падставе візыту да лекара і высьветліць, як блізка можна падабрацца да палаты, дзе ляжыць Навальны. У рэанімацыю яму раілі пракрасьціся, назваўшыся сябрам Юліі Навальнай або супрацоўнікам фонду Cinema for Peace. Ланге адмовіўся, зазначыўшы, што ён не «сакрэтны агент». У клініку паспрабаваў трапіць іншы супрацоўнік RT, аднак шэсьць спробаў сталі няўдалымі.

Неўзабаве пасьля гэтага яму даручылі знайсьці ў Бэрліне паплечнікаў Навальнага Леаніда Волкава і Марыю Пеўчых і наладзіць за імі назіраньне, аднак і гэтага зрабіць не ўдалося.

«Карацей кажучы, такое паўнавартаснае выкрыцьцё нямецкай рэдакцыі RT як пазаштатнага шпіёнскага падразьдзяленьня», — пракамэнтаваў публікацыю Bild Леанід Волкаў.

  • Кіраўніца RT DE Дынара Тактасунава, якая згадваецца ў публікацыі як адна з тых, хто ставіў Ланге задачы, пракамэнтавала артыкул так: «Пасрэдны журналіст Даніэль Ланге ня змог здабыць хоць крыху эксклюзіўны матэрыял па сьлядах ФБК у Нямеччыне і вырашыў зьліць перапіску з чату, дзе яго просяць рабіць сваю працу». Канал заявіў, што рыхтуе пазоў супраць Bild за абвінавачаньне яго ў шпіянажы.
  • 5 сакавіка 2021 году палітык Леанід Гозман напісаў у Сьледчы камітэт заяву, у якой запатрабаваў распачаць крымінальную справу аб парушэньні тайны тэлефонных перамоваў. Ён лічыць, што ягоныя размовы праслухоўвалі перад тым, як ён прыйшоў у эфір RT. Зьместам размовы падзяліліся зь вядоўцам каналу Антонам Красоўскім, настойвае Гозман, патрабуючы дапытаць таго. Сам Красоўскі заявіў агенцтву РБК, што нікога не праслухоўваў і мае намер судзіцца з палітыкам за паклёп.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG