Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён шчыра лічыць, што нічога не парушыў». Пуціла і Карбалевіч пра фільм «Залатое дно»


Тэлеграм-канал Nexta апублікаваў фільм пра «раскошнае жыцьцё» Аляксандра Лукашэнкі. У фільме «Залатое дно» пералічаны 18 аб’ектаў нерухомасьці, якімі, як сьцьвярджаюць аўтары, карыстаецца Лукашэнка і яго найбліжэйшае атачэньне.

У эфіры тэлеканалу «Настоящее время» фільм «Залатое дно» абмеркавалі стваральнік тэлеграм-каналу Nexta Сьцяпан Пуціла і палітычны аналітык Валер Карбалевіч.

— Сьцяпан, чаму вы выбралі менавіта такі тон свайго фільму: зь пераходам на асобы, нават з абразамі?

Пуціла: У прынцыпе, гэта наш стыль, якога мы не зьмяняем ужо некалькі гадоў. Мы на прамыя абразы не пераходзім, але перакананыя, што такога тону гэты чалавек сапраўды заслугоўвае.

— У вашым фільме неназваны супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі (як я разумею, былы) сьцьвярджае, што на будаўніцтва рэзыдэнцый былі выдаткаваныя экалягічныя гранты Эўразьвязу. А якія ёсьць доказы гэтаму, акрамя сьведчаньняў неназваных і не паказаных нам людзей?

Пуціла: Вядома ж, мы вэрыфікуем гэтую інфармацыю і прасілі ў людзей дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх словы. І яны далі некаторыя дакумэнты. І, на жаль, у мэтах бясьпекі мы не маглі іх паказаць, хоць вельмі хацелі.

Людзі нам даслалі дакумэнты, аднак з выключным патрабаваньнем не публікаваць іх і наогул не паказваць, што ў нас нешта падобнае было, таму што цяпер у Беларусі ідзе тэрор. Нават калі людзі за мяжой, да іхных сваякоў прыходзяць. Вядома, яны ўсё роўна баяцца за сваё жыцьцё. Але нашыя крыніцы, у тым ліку не зьвязаныя паміж сабой, пацьвярджалі многія факты. У нас ёсьць база сваіх крыніц, мы даўно вядзём інсайдэрскі тэлеграм-канал, і там шмат людзей з розных сфэраў дзейнасьці, якія таксама пацьвердзілі гэтыя факты.

— Валер, ці вы з гэтага фільму даведаліся для сябе нешта новае?

Карбалевіч: Для людзей, якія цікавяцца палітыкай, абсалютная большасьць фактаў — далёка не навіна. Пра гэта пісалі шмат незалежныя СМІ, некаторыя факты я прыводжу ў сваёй кнізе «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт», якая выйшла яшчэ ў 2010 годзе. Таму самі па сабе факты не зьяўляюцца нейкай сэнсацыяй.

Але для значнай часткі людзей, якія пачалі цікавіцца палітыкай толькі цяпер, навабранцаў палітыкі 2020 году, сабраныя ў адным месцы факты могуць стаць нечаканасьцю. Тым больш сам Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў і нават анансаваў гэты фільм, што трошкі дзіўна.

— Сьцяпан, Лукашэнка нідзе ў дакумэнтах, як я разумею з вашага матэрыялу, не фігуруе. Як не фігуруюць і ягоныя сваякі, якім нібы дарылі кватэры, машыны, рэзыдэнцыі. А як пасьля можна даказаць гэта дакумэнтальна?

Пуціла: Больш за тое, ён сам глыбока перакананы, што ён чысты перад народам і на яго нічога не аформлена. Паводле дакумэнтаў — сапраўды, на Лукашэнку нічога не аформлена, усё аформлена або на дзяржаву (хоць мы бачым, што ён ня бачыць розьніцы паміж дзяржавай і асабістай уласнасьцю), або на набліжаных бізнэсоўцаў, да якіх у яго ёсьць давер, на якіх у яго ёсьць кампрамат, у любы момант іх могуць пасадзіць. Яны ўсё разумеюць: ёсьць свае правілы, ёсьць адсотак, якім трэба дзяліцца, ёсьць людзі, якіх трэба паважаць, і гэтак далей. Я думаю, яны далёка ўцячы ня змогуць, і ў выпадку падзеньня гэтай сыстэмы празь іх усе факты і выявяцца.

— Валер, ці зможа гэты фільм паўплываць на тых беларусаў, хто сумняваецца?

Карбалевіч: Для кагосьці гэта будзе шокам, хтосьці скажа: «Ну што ж, такі ў нас лёс, такая ў нас краіна». Разумееце, у чым справа: сам Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі шчыра лічаць, што яны не карупцыянэры. Таму што ў іх фэадальнае ўяўленьне пра дзяржаву як пра ўдзельнае княства або ўнітарнае прадпрыемства, гаспадар якога можа распараджацца ўсім.

Вось яму падарылі «Майбах», «Тэслу» — ён не ўспрымае як хабар тое, што ў любой дзяржаве было б успрынята як хабар, ён шчыра лічыць, што нічога не парушыў. Таму што ён гаспадар у гэтай краіне, ён можа распараджацца ўсімі, можа карыстацца для свайго задавальненьня ўсім, што ў гэтай дзяржаве ёсьць.

— Сцяпан, вы ў фільме гаворыце пра тое, што ў Лукашэнкі ледзь не ўласны гарэм. Ці спрабавалі вы знайсьці гэтых жанчын, каб атрымаць іх сьведчаньні?

Пуціла: Спрабавалі знайсьці не жанчын, а тых, хто імі займаецца, і ў тым ліку празь Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, але людзі, на жаль, ня вельмі адкрыта ідуць на кантакт, усе бачаць: рэжым вельмі помсьлівы і ні перад чым ня спыніцца, каб знайсьці гэтых людзей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG