Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне для экстрадыцыі ў Беларусь арыштавалі арганізатара незаконнай міграцыі ў Эўропу


Нелегальныя мігранты ў лягеры каля Сараева, сакавік 2020-га. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь абвясьціла ў міжнародны вышук беларускага грамадзяніна, ураджэнца Індыі, у студзені 2020 году. Яшчэ аднаго фігуранта гэтай справы, грамадзяніна Індыі, ужо затрымалі ў Менску.

Праваахоўныя органы Ўкраіны затрымалі ўраджэнца Індыі, які мае беларускае грамадзянства, у міжнародным аэрапорце «Барыспаль» пры афармленьні пасажыраў самалёта з Шарджа (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). На яго спрацавала «чырвоная» картка Інтэрполу. У Беларусі гэты грамадзянін абвінавачваецца ў спробе арганізацыі і ў арганізацыі незаконнай міграцыі замежных грамадзян празь Беларусь у Эўропу.

Як адзначаецца ў апублікаваным рашэньні ўкраінскага суду, ён разам з групай асобаў у 2019 годзе дапамог некалькім замежным грамадзянам атрымаць візы ў Беларусь у беларускай амбасадзе ў Армэніі на падставе фальшывых дакумэнтаў, што тыя нібыта зьяўляюцца бізнэсоўцамі і заснавальнікамі некалькіх камэрцыйных кампаній. Пасьля ўезду на беларускую тэрыторыю ўсе яны нібыта плянавалі выехаць праз Горадзенскую вобласьць у Эўропу.

У дакумэнтах, якія беларускі бок накіраваў ва Ўкраіну для экстрадыцыі затрыманага, адзначаецца, што той ня змог завершыць злачынства, бо іншаземцы зь невядомых прычын не скарысталіся атрыманымі візамі і не ўяжджалі на тэрыторыю Беларусі. Ва ўкраінскім судзе затрыманы паведаміў, што ня ведаў пра тое, што яго шукаюць беларускія праваахоўныя органы. У чаканьні экстрадыцыі ён будзе знаходзіцца пад вартай.

На пачатку лютага ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску паведаміла аб завяршэньні расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце арганізацыі незаконнай міграцыі, у якім два абвінавачаныя – 26-гадовы грамадзянін Індыі і 52-гадовы грамадзянін Беларусі. Сьледзтва нібыта ўстанавіла 17 фактаў незаконнай міграцыі грамадзян Індыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG